Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Лідар канадскіх індзейцаў: учынкі Папы патрабуюць пакоры і адвагі

Тое, што робіць Францішак, патрабуе вялікай пакоры і адвагі, - адзначыў у каментары для Vatican News Філ Фантэйн, які на працягу многіх гадоў узначальвае канадскае Аб’яднанне першых народаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Прадстаўнік карэннага насельніцтва браў удзел у вясенніх ватыканскіх сустрэчах Святога Айца з канадскімі абарыгенамі, а 26 ліпеня 2022 года паўдзельнічаў у святой Імшы, цэлебрацыю якой Пантыфік узначаліў на Commonwealth Stadium у Эдмантане.

Фантэйн падкрэсліў, што просячы аб прабачэнні, Францішак перадае ініцыятыву карэнным народам. Цяпер яны павінны зрабіць крок наперад у кірунку прабачэння, каб знайсці мір. На яго думку, гаворка ідзе пра гістарычны момант для канадскіх індзейцаў.

“Гэта нешта па-сапраўднаму выключнае. Гістарычны момант. Не кожны дзень адна з найбольш уплывовых публічных асоб прыбывае на сустрэчу з выпускнікамі старадаўніх школ-інтэрнатаў, ахвяр і іх сем’яў. Гэта факт, што стаць перад імі ў пакоры і прасіць аб прабачэнні, патрабуе ад Папы вялікай адвагі і пакоры”, - прызнаў лідар першых народаў.

На думку Фантэйна, цяпер кожнаму давядзецца выказацца: некаторыя скажуць, што прымаюць прабачэнні, іншыя – што гэтага мала, трэція скажуць, што прабачэнні ім увогуле не патрэбныя. “Нам важна ўсведамляць, што аздараўлення і прымірэння можна найлепш дасягнуць менавіта праз прабачэнне, а зараз мы маем перад сабой Святога Айца, які просіць менавіта пра гэта. Мы таксама павінны зрабіць крок у кірунку да прабачэння”, - дадаў прадстаўнік карэнных народаў, падкрэсліваючы, што выключна такім шляхам можна пазбавіцца цяжару, які пакінула страшэнная трагедыя школ-інтэрнатаў.
 

27 ліпеня 2022, 11:30