Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы Святой Зямлі да Ізраіля: палесцінцы маюць права на ваду

Каталіцкія біскупы Святой Зямлі заклікалі Ізраіль шанаваць права палесцінцаў на ваду. У заяве рады епіскапату Iustitia et pax адзначаецца, што ў летні сезон сотні тысяч жыхароў Палесціны пакутуюць ад недахопу, а часам нават поўнай адсутнасці вады.

Ян Глінскі

У дакуменце падкрэсліваецца, што Ізраіль строга кантралюе ўсе водныя рэсурсы ў Палесціне і не дасягнуў прагрэсу ў пашырэнні і ўтрыманні воднай інфраструктуры. Акрамя недахопу вады гэта таксама вядзе да пагаршэння якасці дасяжнай вады.

У асабліва складанай сітуацыі знаходзяцца некалькі дзясяткаў супольнасцей, “пазбаўленых ізраільскімі ўладамі магчымасці падключыцца да ўжо існуючай воднай сістэмы”, а таксама земляробы на вясковых тэрыторыях. Земляробы вымушаны набываць ваду ў прыватным парадку па вельмі дарагіх коштах. З гэтай прычыны многія з іх мусілі адмовіцца ад сельскагаспадарчых надзелаў.

Іерархі абвінавацілі таксама Ізраіль у пасяленчай палітыцы: улады могуць забраць землі, пакінутыя палесцінцамі з прычыны адсутнасці вады. Акрамя гэтага армія або яўрэйскія пасяленцы нішчаць цыстэрны, што “вядзе да змяншэння колькасці жыхароў, часта на тых тэрыторыях, дзе Ізраіль хоча павялічыць прысутнасць пасяленцаў”.

Урад Ізраіля, як падкрэсліваецца ў дакуменце рады епіскапату Iustitia et pax, павінен заняцца пытаннем асноўнай чалавечай патрэбы, якою з’яўляецца вада, і “дазволіць жыхарам Палесціны будаваць цыстэрны і рамантаваць пашкоджаныя, каб можна было збіраць дажджавую ваду і захоўваць набытую”.
 

26 жніўня 2022, 08:20