Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы заклікалі еўрапейцаў пераасэнсаваць звычкі і стаўленне

Жыхары Еўропы павінны перагледзець свае звычкі і стаўленне, каб пазбегнуць рознага роду катастроф, да якіх набліжаецца планета ў выніку працяглых войнаў і крызісаў, - лічаць еўрапейскія іерархі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE) звярнулася з пасланнем, прымеркаваным да надыходзячага 1 верасня Сусветнага дня малітвы аб ахове стварэння і ініцыятывы Час стварэння, якая рэалізуецца штогод 4 кастрычніка.

Еўропа апынулася перад сапраўднай экалагічнай катастрофай, якая ў 97% выклікана самім чалавекам. Паводле апошніх звестак, у 27 краінах Еўрасаюза пажары ўжо знішчылі агулам 517 881 гектар лесу, у той час як летась гэта было 470 359 гектараў, - адзначылі са шкадаваннем каталіцкія іерархі кантынента. Навукоўцы ўжо гавораць пра пераход ад “антрапацэну” – эпохі ўплыву чалавека на прыроду, да “піяцэну” – эпохі агню, наступствы чаго ўжо бачныя, асабліва калі ўлічыць узровень выкідаў вуглякіслага газу – такіх аб’ёмаў планета не ведала больш за 3 мільёна гадоў.

Акрамя таго, велізарны ўрон навакольнаму асяроддзю нанеслі ранейшыя і цяперашнія войны ў В'етнаме, Емене, Сірыі і Украіне, а таксама падпалы нафтаправодаў у Кувейце падчас вайны ў Персідскім заліве (1990-91). У заяве CCEE згадваецца тэрмін “экацыд”, уведзены ў 1960-я гады ў кантэксце вайны ў В'етнаме.

Тым не менш іерархі кантынента не губляюць надзеі. Яны выказалі перакананне, што “калі чалавечая рука стала галоўнай прычынай цяперашняй сітуацыі, тая ж рука можа знайсці рашэнне”. У гэтым сэнсе экалагічныя заклікі Францішка з’яўляюцца не пабожным настаўленнем, але сапраўдным выклікам моцным гэтай зямлі, кіраўнікам асобных краін і кожнаму чалавеку. Гэта суправаджаецца запрашэннем да навяртання з боку ўсіх хрысціян.

“Мы далучаемся да звароту Папы, які заклікае ўсіх хрысціян стаць прадстаўнікамі тых планетарных структур, у галасах якіх выяўляецца “своеасаблівы дысананс”. З аднаго боку, гэта мілагучная песня, якая праслаўляе нашага ўмілаванага Створцу, з другога боку, гэта горкі плач, які аплаквае нашы дрэнныя чалавечыя паводзіны. Няхай Пан прыслухаецца да гэтага воклічу і дасць чалавецтву новае сэрца, здольнае спачуваць усяму стварэнню, каб рэалізаваць канкрэтныя жэсты, якія дазволяць усім стварэнням нанова праслаўляць Стварыцеля і аб’яднаюць нас у гэтым “вялікім касмічным хоры” незлічоных стварэнняў, якія праслаўляюць Бога”, - такімі словамі завяршаецца пасланне іерархаў Еўропы.
 

25 жніўня 2022, 10:17