Папа Францішак Папа Францішак 

Папа гаварыў пра вайну ва Украіне як пастыр, а не як палітык

Папа хацеў выказаць хрысціянскае спачуванне памерлым, усім памерлым, і, безумоўна, не хацеў пакрыўдзіць пачуцці ўкраінскага народа, - заявіў Андрэа Тарніелі, каментуючы выказванне Святога Айца ад 24 жніўня 2022 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У спецыяльнай заяве для ўкраінскай рэдакцыі Vatican News, галоўны рэдактар СМІ Святога Пасаду адзначыў, што Францішак ніколі не трымаўся “на адной дыстанцыі”: ён выразна асудзіў агрэсію, учыненую з боку Расіі. І наадварот, ён застаецца “аднолькава блізкім”, блізкім да ўсіх, хто пакутуе ад наступстваў вайны, асабліва да нявінных людзей Украіны, якія гінуць пад расійскімі бомбамі.

Тарніелі нагадаў, што з боку Пантыфіка пастаянна гучаць словы і робяцца намаганні на карысць украінскага народа, які стаў ахвярай несправядлівай агрэсіі. На яго думку, словы, сказаныя Святым Айцом у сераду 24 жніўня 2022 года, былі вельмі моцнымі: ён заклікаў да спынення баявых дзеянняў і рэальнай прыхільнасці міру з боку кіраўнікоў краін, казаў пра “вар’яцтва” вайны.

Ужо ў энцыкліцы Fratelli tutti Папа патлумачыў, што больш няма прычын казаць пра “справядлівую вайну”. Ні адна вайна сёння не можа лічыцца “справядлівай”. Гаворачы пра вар'яцтва вайны, якая пагражае ўсім, ён таксама згадаў апошні інфармацыйны эпізод – тэракт, у выніку якога загінула Дар'я Дугіна. Ён назваў яе “беднай дзяўчынай”, маючы на ўвазе драматычныя абставіны яе смерці, каб паўтарыць, што нішто не можа апраўдаць забойства чалавека. Францішак гаварыў ад сэрца пастыра, а не палітыка. Ён хацеў выказаць сваё хрысціянскае спачуванне загінулым, усім загінулым і, безумоўна, не хацеў закрануць пачуцці ўкраінскага народа, які перажывае жахі вайны і аплаквае столькіх нявінных ахвяр, у тым ліку дзяцей, за якіх Папа пастаянна моліцца, - так ватыканскі эксперт растлумачыў сапраўдную інтэнцыю слоў Францішка.
 

29 жніўня 2022, 11:57