Ліз Трас Ліз Трас 

Епіскапат Англіі заклікаў новага прэм'ера клапаціцца пра бедных

Старшыня епіскапату Англіі і Уэльса накіраваў віншаванні Ліз Трас, новаму прэм'ер-міністру, запэўніўшы яе ў сваёй малітоўнай падтрымцы і падкрэсліўшы неабходнасць улічваць патрэбы самых бедных.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал Вінцэнт Нікалс падкрэсліў наяўнасць надзвычайнай сітуацыі як у краіне, так і на міжнародным узроўні, у тым ліку рэзкае павышэнне кошту жыцця. Ён нагадаў, што католікі прысутнічаюць у кожнай мясцовай супольнасці, стараючыся ўнесці свой уклад у падтрымку патрабуючых.

“Мы ўсведамляем драматычны ўплыў крызісу на многіх людзей, якія разумеюць, што сутыкнуліся з выбарам “ацяпленне або ежа”, асабліва з набліжэннем зімы. Багацце, да якога прызвычаілася наша грамадства, здаецца, знікае. Я і мае калегі біскупы ўсведамляем складанасць прычын, як кароткатэрміновых, так і доўгатэрміновых, якія выклікаюць крызіс, што сёння закранае многіх людзей. Ёсць шмат католікаў у грамадскім жыцці і дабрачынным сектары, якія імкнуцца знайсці доўгатэрміновыя рашэнні гэтых палітычных і эканамічных праблем”, - напісаў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Англіі і Уэльса.

Арцыбіскуп Вэстмінстэрскі нагадаў аб эфектыўнасці прапаноў каталіцкага сацыяльнага вучэння для пошуку справядлівых рашэнняў, у тым ліку служэння агульнаму дабру і прынцыпу субсідыярнасці. Ён звярнуў увагу на неабходнасць дапамогі пажылым людзям, сем'ям з дзецьмі і тым, каму найбольш цяжка перажыць надзвычайны рост кошту жыцця.

Іерарх заклікаў католікаў актыўна ўдзельнічаць у дабрачынных праектах падтрымкі тых, хто пацярпеў ад крызісу. “Малюся, каб усе ў нашым грамадстве працавалі разам для пошуку шляхоў, як у кароткатэрміновай, так і ў доўгатэрміновай перспектыве, змякчэння крызісу, які пагражае дабрабыту многіх людзей”, - прызнаўся ён.

47-гадовы палітык, прызначаная новым кіраўніком урада, жонка і маці дваіх дзяцей, нядаўна прызналася, што падзяляе каштоўнасці хрысціянскай веры і Царквы Англіі, але практыкуе сваю веру не рэгулярна.
 

06 верасня 2022, 12:23