Здымак мае ілюстрацыйны характар Здымак мае ілюстрацыйны характар 

Каталіцкія арганізацыі прыпыняюць інвестыцыі ў выкапнёвае паліва

Усё больш і больш каталіцкіх арганізацый адмаўляюцца ад інвестыцый у выкапнёвае паліва. Актывы, укладзеныя ў галіну, выводзіць у тым ліку Caritas Internationalis. Гэта звязана са змяненнем клімату на Зямлі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Старшыня папскага дабрачыннага фонду, кардынал Луіс Тагле патлумачыў, што “бедныя пакутуюць з прычыны кліматычнага крызісу, а выкапнёвае паліва з'яўляецца адной з галоўных прычын гэтай несправядлівасці”. “Мы заахвочваем нашы членскія арганізацыі і іншыя групы і структуры, звязаныя з Касцёлам, рабіць тое ж”, - падкрэсліў іерарх.

На такі крок пайшлі і вядучыя каталіцкія банкі. Яны хочуць прапанаваць каталіцкім інстытуцыянальным інвестарам адказныя інвестыцыйныя магчымасці ва ўмовах змены клімату. Сярод іх нямецкія: Pax Bank, Bank Im Bistum Essen eG і Steyler Ethik Bank. У агульнай складанасці балансы гэтых фінансавых устаноў складаюць каля 7,5 мільярдаў еўра.

Таксама іерархі падтрымліваюць адмову ад выкапнёвага паліва. Аб рашэнні не інвеставаць у галіну абвясцілі: архідыяцэзія Люксембурга, італьянская архідыяцэзія Салерна-Кампанья-Ачэрна і французская прэлатура Місьён дэ Франс.

Арцыбіскуп Люксембурга, кардынал Жан-Клод Олерыш патлумачыў, што біскупы хочуць прымаць фінансавыя рашэнні, якія адпавядаюць маральным каштоўнасцям, што прапаведуе Касцёл. Не інвеставаць у выкапнёвае паліва – гэта спосаб паказаць лідарства Касцёла перад абліччам змены клімату.

У агульнай складанасці 95 каталіцкіх арганізацый адмовіліся ад інвестыцый у выкапнёвае паліва. Адной з іх з'яўляецца Catholic Impact Investing Collaborative, група каталіцкіх устаноў з актывамі больш за 50 мільярдаў еўра. Яе заснавальнік Джон О'Шонэсі падкрэсліў, што адмова ад інвестыцый у выкапнёвае паліва з'яўляецца важным сігналам. Фінансавыя інстытуты ўсведамляюць, што такога роду інвестыцыі не спрыяюць устойліваму развіццю, і тым не менш наносяць доўгатэрміновую шкоду як інвестарам, так і грамадству. Але "ўсё часцей разумныя фінансавыя менеджэры адыходзяць ад бруднай энергіі, аддаючы перавагу чыстай, устойлівай будучыні".

Гэтыя сумесныя намаганні каталіцкіх устаноў каардынуе Сусветны каталіцкі рух на карысць абароны клімату (Global Catholic Climate Movement), які аб'ядноўвае больш за 650 арганізацый з усяго свету, што адгукнуліся на заклік Папы Францішка абараніць планету – наш агульны дом.
 

27 верасня 2022, 12:09