Пантыфік адправіў спачувальную тэлеграму дачцы Міхаіла Гарбачова
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Апошні генеральны сакратар ЦК КПСС і адзіны прэзідэнт СССР памёр 30 жніўня 2022 года на 92-м годзе жыцця.
“Духоўна блізкі ў гэтую хвіліну смутку з прычыны смерці Вашага бацькі Міхаіла, хачу выказаць шчырыя спачуванні Вам, Вашай сям'і і ўсім, хто бачыў у ім паважанага дзяржаўнага дзеяча. Успамінаю з удзячнасцю яго дальнабачную прыхільнасць да згоды і братэрства паміж народамі, а таксама да прагрэсу яго краіны ў эпоху важных перамен. Узношу малітвы за яго, просячы добрага і міласэрнага Бога аб вечным супакоі для яго душы”, - напісаў Папа.
1 снежня 1989 года Пантыфік упершыню прыняў у Ватыкане савецкага лідара. Сустрэча Яна Паўла II і Міхаіла Гарбачова стала пераломным момантам у дыпламатычных кантактах паміж СССР і Святым Пасадам і ў працэсе адраджэння Каталіцкага Касцёла ў Савецкім Саюзе. 15 сакавіка 1990 года паміж Святым Пасадам і СССР былі ўсталяваныя дыпламатычныя адносіны.