Здымак мае ілюстрацыйны характар Здымак мае ілюстрацыйны характар 

Святы Пасад у ААН: паважаць правы рэлігійных меншасцей

Святы Пасад занепакоены тым, што хрысціяне па-ранейшаму застаюцца найбольш пераследаванай у свеце групай.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гэта адзначыў у адмысловай заяве Дзяржсакратар Яго Святасці Папы. Яна прагучала ў 30-годдзе прыняцця ААН Дэкларацыі правоў асоб, якія належаць да нацыянальных, этнічных, рэлігійных і моўных меншасцей.

У тэксце, які зачытаў у Нью-Ёрку ксёндз Джозэф Грэч з Дзяржсакратарыята, кардынал П’етра Паралін заявіў, што тэрміны “меншасць” і “большасць” з'яўляюцца апісальнымі ярлыкамі, і іх выкарыстанне не павінна парушаць прынцып роўнасці ўсіх у сваёй годнасці і, такім чынам, роўных правоў.

Кіраўнік дыпламатыі Святога Пасаду з глыбокай заклапочанасцю адзначыў, што хрысціяне па-ранейшаму застаюцца найбольш пераследаванай у свеце групай. Паводле ацэнак, 360 мільёнаў паслядоўнікаў Хрыста ў 76 краінах сутыкаюцца з дыскрымінацыяй, насіллем і пераследам, такім жа чынам абыходзяцца і з іншымі рэлігійнымі меншасцямі.

Кардынал Паралін падзяліўся высновай, што абарона асноўных правоў асоб, якія належаць да нацыянальных, этнічных, рэлігійных і моўных меншасцей, павінна грунтавацца на дыялогу, узаемным супрацоўніцтве і ўзаемаразуменні.
 

22 верасня 2022, 11:57