Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у ААН асуджае пагрозы прымянення ядзернай зброі

“Пагрозы прымянення ядзернай зброі з’яўляюцца амаральнымі і небяспечнымі і заслугоўваюць асуджэння”, - заявіў пастаянны прадстаўнік Святога Пасада ў ААН.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Габрыэле Кача выступіў 17 кастрычніка 2022 года на пасяджэнні Чацвёртага камітэта Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, на якім абмяркоўваліся наступствы ўздзеяння радыяцыі.

Нагадваючы, што ў 2022 годзе адзначаецца 60-я гадавіна Карыбскага крызісу, ватыканскі дыпламат адзначыў, што свет зноў знаходзіцца пад пагрозай прымянення ядзернай зброі. Ён паўтарыў заклік Францішка вучыцца на гісторыі, адхіляць ядзерныя пагрозы і сканцэнтраваць намаганні на пабудове больш трывалага і справядлівага міру.

Арцыбіскуп Кача выказаў падтрымку Святога Пасада бягучай працы Навуковага камітэта ААН па ўздзеянні атамнай радыяцыі (UNSCEAR), асабліва ў аказанні дапамогі ахвярам аварыі на АЭС у Фукусіме ў 2011 годзе. Ён таксама адзначыў важнасць ранняга маніторынгу, паслядоўных вымярэнняў і бесперапыннага адсочвання наступстваў працяглага ўздзеяння радыяцыі.

Акрамя таго, кіраўнік дыпламатычнай місіі агучыў падтрымку Святым Пасадам Дамовы аб забароне ядзернай зброі (TPNW) і заклікаў дзяржавы ратыфікаваць Дамову аб усёабдымнай забароне выпрабаванняў ядзернай зброі (CTBT), каб ён уступіў у сілу. Іерарх падкрэсліў, што гэта дзейсныя захады для прадухілення і абмежавання шкоднага ўздзеяння радыяцыі.
 

18 кастрычніка 2022, 11:09