Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта Кіпра
Францішак прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта Рэспублікі Кіпр Нікаса Анастасіядыса. Яна адбылася 24 кастрычніка 2022 года ў Апостальскім палацы Ватыкана.
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Палітык сустрэўся таксама з Дзяржсакратаром Яго Святасці Папы, кардыналам П’етра Паралінам, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.
Падчас шчырых перамоў у Дзяржсакратарыяце выказвалася высокая ацэнка добрым двухбаковым адносінам і жаданне далейшага развіцця супрацоўніцтва ў сферах узаемнай зацікаўленасці, сярод якіх прыняцце бежанцаў. Бакі абмеркавалі таксама працэс уз’яднання вострава і сітуацыю ва ўсходнім Міжземнамор’і і ўсім рэгіёне з пажаданнем, каб адкрытыя праблемы вырашаліся шляхам дыялогу, паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.
24 кастрычніка 2022, 11:19