COMECE: што яшчэ павінна здарыцца, каб пакласці канец вайне?
Марыя Валодзіна – Vatican News
Ад пачатку расійскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны ўвесь свет затаіў дыханне, баючыся вялікага глабальнага канфлікту, – гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай пасля сустрэчы Камісіі па знешніх адносінах, якая дзейнічае пры Камісіі біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці (COMECE). Па словах аўтараў, інцыдэнт, які здарыўся на тэрыторыі Польшчы на мяжы з Украінай, з'яўляецца чарговым папярэджаннем аб тым, што “гэтая вайна нясе пагрозу некантраляваных і катастрафічных наступстваў для ўсяго чалавецтва”.
Перад абліччам "жорсткіх нападаў Расіі на гарады і аб'екты грамадзянскай інфраструктуры ва Украіне, з грубым парушэннем міжнароднага права, і інцыдэнту ў Польшчы”, члены камісіі “узносяць свае малітвы за загінулых і выказваюць спачуванні іх сем'ям”.
“Хочам таксама засведчыць нашу блізкасць да насельніцтва Украіны, якое засталося без доступу да базавых паслуг, такіх як электраэнергія і вада”, - пішуць яны ў заяве, дадаючы: “Мы задаем сабе пытанне: што яшчэ павінна здарыцца, каб нарэшце быў пакладзены канец вар'яцтву вайны?” Заклікаем усе бакі ўпарта працаваць над тым, каб пазбегнуць эскалацыі, а Еўрапейскі Саюз, у прыватнасці, узмацніць свае дыпламатычныя намаганні і працягваць актыўную дзейнасць, накіраваную на тое, каб спыніць гэтую спіраль гвалту”.
Далучаючыся да заклікаў Францішка і Святога Пасаду, аўтары заявы заклікалі расійскі бок спыніць баявыя дзеянні, а ўсе бакі – з дапамогай міжнароднай супольнасці ступіць на шлях перамоваў на аснове “сур'ёзных прапаноў” справядлівага міру з павагай да міжнароднага права і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.