Эксперт: дыялог з ісламам прыносіць першыя плёны
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Стаўленне Папы да ісламу не з’яўляецца рэвалюцыйным. Хутчэй, гэта працяг працэсу, распачатага Другім Ватыканскім Саборам, а затым развітага Янам Паўлам ІІ. Аднак падчас цяперашняга пантыфікату гэты працэс ужо прыносіць пэўныя плёны, - заўважыў Мабіль.
Першым плёнам, на думку даследчыка, з’яўляюцца сумесныя дакументы, напрыклад Дэкларацыя аб усеагульным братэрстве, падпісаная ў Абу-Дабі разам з імам Аль-Азхара Ахмадам Аль-Таебам, і Выніковы дакумент З’езда лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій, падпісаны ў верасні ў Казахстане. “Гэтыя дакументы – першы важны крок. Людзі бяруць на сябе абавязацельствы і выказваюць гэта ў дакуменце, на які можна спасылацца пазней, бо гэта кропка адліку”, - патлумачыў французскі палітолаг.
Другі плён стасункаў з ісламам, паводле эксперта, мае сімвалічнае значэнне. “Гаворка ідзе пра тое, што людзі бачаць, як Папа наведвае мусульманскія краіны, сустракаецца з рэлігійнымі лідарамі, з шыітамі, калі ён наведваў Ірак, з сунітамі, як падчас гэтага візіту. Я думаю, што гэта можа станоўча паўплываць на грамадскую думку ў гэтых краінах, на рэлігійных людзей. Гэта беспрэцэдэнтная, нечаканая прысутнасць для іх, якая адбываецца ў атмасферы дыялогу, што не выключае, як мы бачылі ў Бахрэйне, магчымасці падкрэсліць рознагалоссі або зрабіць нейкія крытычныя заўвагі”, - сказаў Франсуа Мабіль.