Францішак едзе ў Бахрэйн, каб умацаваць мір і дыялог з ісламам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Гаворка ідзе пра тэалагічны дыялог і практычную працу на карысць міру, справядлівасці і клопату аб нашым агульным доме”, - заявіў іерарх парталу katholisch.de. Ён адзначыў, што паездка ў Бахрэйн 3-6 лістапада 2022 года таксама стане сігналам рэгіянальным уладам аб тым, наколькі Святы Пасад цэніць умераную палітыку краіны.
“У арабскім свеце Францішка з яго адкрытым, сардэчным стылем вельмі добра прымаюць; яго таксама вельмі паважае кароль Бахрэйна. Папа лічыцца сапраўдным сябрам ісламу, таму што ён інтэнсіўна працуе з вялікім імамам Ахмедам Аль-Таебам”, - патлумачыў біскуп Хіндэр. Ён лічыць, што паездкі Папы ў Абу-Дабі, Марока, Ірак, Казахстан, а цяпер і ў Бахрэйн яскрава дэманструюць, наколькі важным для яго з’яўляецца дыялог з ісламам.
Гаворачы пра арганізацыйныя моманты папскага візіту, апостальскі вікарый прызнаўся, што паколькі гэта афіцыйны дзяржаўны візіт, кароль пакрые амаль усе выдаткі. Бахрэйн у супрацоўніцтве з Ватыканскай жандармерыяй і Швейцарскай гвардыяй таксама нясе адказнасць за бяспеку Святога Айца. У сувязі з працяглай пандэміяй каронавіруса будуць прымяняцца строгія меры санітарнай абароны. Усе, хто знаходзіцца ў бліжэйшым атачэнні Пантыфіка, павінны будуць зрабіць ПЦР-тэст.
Галоўная нагода для візіту Францішка ў каралеўства ў Персідскім заліве – Бахрэйнскі форум на карысць дыялогу. Папа прыме ўдзел у цырымоніі яго закрыцця 4 лістапада. Апрача таго, Святы Айцец возьме ўдзел у Імшы на Нацыянальным стадыёне і экуменічнай малітве за мір, якая адбудзецца ў каталіцкай катэдры Маці Божай Аравійскай.