Наступствы землятрусу на востраве Ява ў Інданезіі Наступствы землятрусу на востраве Ява ў Інданезіі 

Святы Айцец спачувае пацярпелым ад землятрусу ў Інданезіі

Пантыфік выказаў спачуванні насельніцтву Інданезіі, якое пацярпела ад землятрусу, указаў на прыклад новага благаслаўлёнага і адзначыў уклад рыбакоў у забяспячэнне харчовай бяспекі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Некалькі гадзін таму востраў Ява ў Інданезіі пацярпеў ад моцнага землятрусу. Выказваю маю блізкасць гэтаму дарагому насельніцтву і малюся за загінулых і параненых”, - сказаў Святы Айцец на заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая 23 лістапада 2022 года прайшла ў Ватыкане.

Папа нагадаў таксама, што ў мінулую нядзелю адбылася беатыфікацыі айца Джузэпэ Амбразолі, місіянера-камбаніяніна, святара і лекара, які нарадзіўся ў італьянскай дыяцэзіі Кома і памёр ва Угандзе ў 1987 годзе, пасля таго як прысвяціў усё сваё жыццё хворым, у якіх бачыў аблічча Хрыста. “Няхай гэта надзвычайнае сведчанне дапаможа кожнаму з нас быць годнымі Касцёла, які выходзіць насустрач людзям”, - дадаў ён.

Францішак пажадаў таксама, каб Сусветны дзень рыбалоўства, які адзначаўся 21 лістапада, змог паспрыяць устойліваму развіццю рыбалоўнай сферы і аквакультуры праз павагу да правоў рыбакоў, якія сваёй працай спрыяюць харчовай бяспецы, харчаванню і скарачэнню беднасці ў свеце.
 

23 лістапада 2022, 11:12