Андрэа Бачэлі з Францішкам падчас Сусветнай сустрэчы сем'яў у Дубліне ў 2018 годзе Андрэа Бачэлі з Францішкам падчас Сусветнай сустрэчы сем'яў у Дубліне ў 2018 годзе 

Калядны альбом славутага тэнара быў натхнёны вучэннем Францішка

Сусветна вядомы італьянскі тэнар Андрэа Бачэлі разам з дзецьмі нядаўна выдаў калядны альбом. У размове з газетай Irish News ён прызнаўся, што натхненнем для запісу стаў Францішак і яго вучэнне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Для выхаду музычнага зборніка было шмат прычын, “але самая важная для мяне – яго сувязь з вучэннем Папы аб сям’і”, - сказаў Бачэлі, адзначыўшы, што сям’я, самая важная ячэйка грамадства, сёння “падвяргаецца нападам з усіх бакоў". У гэтым кантэксце ён нагадаў пра заклапочанасць Папы тым, што сям’і пагражаюць “розныя ідэалогіі”.

Сусветна вядомы спявак разам з 25-гадовым сынам Матэа і 10-гадовай дачкой Вірджыніяй запісаў класічныя сусветныя песні, звязаныя з Божым Нараджэннем. “Калі нашы лэйблы звярнуліся да мяне наконт запісу на калядную тэматыку, я падумаў, што гэта выдатная ідэя, і хацеў зрабіць гэта як мага больш цікавым”, - падзяліўся ён у інтэрв’ю.

Бачэлі прызнаўся, што заўсёды стараўся перадаць сваім дзецям і іншым людзям перакананасць у тым, што ў Божым Нараджэнні можна знаходзіць сэнс і каштоўнасць жыцця, і рабіць гэта разам. Ён дадаў, што самы важны момант урачыстасці – гэта калі ўся сям’я ідзе на святую Імшу.

64-гадовы Андрэа Бачэлі спяваў у прысутнасці Францішка на Сусветнай сустрэчы сем'яў у Дубліне ў 2018 годзе. Ён выступаў таксама перад Янам Паўлам ІІ і Бэнэдыктам XVI.
 

13 снежня 2022, 12:22