Касцёл у Бразіліі моліцца за спачылага Пеле
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пасля з'яўлення навіны пра смерць легендарнага футбаліста арцыбіскуп Сан-Паўлу, кардынал Адзілью Пэдру Шэрэр, заклікаў вернікаў маліцца за спачылага. “Молімся за Пеле, каб Бог прыняў яго ў сваёй бязмежнай міласэрнасці”, - напісаў бразільскі кардынал у Twitter.
На афіцыйных старонках спартсмена ў сацыяльных сетках з’явілася паведамленне: “Шлях караля Пеле, які сёння мірна пайшоў з жыцця, быў пазначаны натхненнем і любоўю. У сваім падарожжы Эдсан зачараваў свет сваім геніем у спорце, спыніў вайну, вёў сацыяльную дзейнасць па ўсім свеце і распаўсюджваў тое, што ён лічыў галоўным лекам ад усіх нашых праблем: любоў. Любоў, любоў і любоў, заўсёды”.
Пеле некалькі разоў сустракаўся з Папамі – з Паўлам VI у 1966 годзе падчас свайго мядовага месяца, з Янам Паўлам ІІ – у 1978 годзе ў Ватыкане, з Бэнэдыктам XVI – у 2005 годзе падчас Сусветных дзён моладзі ў Кёльне. Сустрэча з Францішкам павінна была адбыцца ў 2013 годзе падчас Сусветны дзень моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра, але Пеле не змог прыбыць на яе. Пазней, аднак, тагачасны Прэзідэнт Бразіліі Дылма Русеф падарыла Папу футбольную майку з аўтографам легенды футбола. Яшчэ ў снежні Францішак казаў, што моліцца за цяжкахворага Пеле.
Пеле заўсёды падкрэсліваў, што футбольны талент і навыкі атрымаў ад Бога, а астатняе развіў трэніроўкамі і дбайнай падрыхтоўкай. У адным з апошніх відэазваротаў футбаліст падзякаваў Богу за ўсе поспехі ў сваёй кар’еры. Яшчэ раней ён напісаў: “Я спадзяюся, што Бог прыме мяне на нябёсах, як мяне сёння прымае ўвесь свет дзякуючы нашаму любімаму футболу”.