Падзеі ў Паўднёвым Судане сталі прычынай занепакоенасці Папы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Я з болем і трывогай сачу за навінамі, якія прыходзяць з Паўднёвага Судана аб жорсткіх сутыкненнях апошніх дзён. Молімся да Бога аб міры і нацыянальнай згодзе, каб спыніліся напады, а мірным жыхарам заўсёды была гарантавана павага”, - заклікаў Папа вернікаў, якія 11 снежня 2022 года сабраліся на ватыканскай плошчы.
Канфлікт, які разгарэўся ў жніўні і праходзіць з ужываннем у тым ліку і цяжкай зброі, закранае штат Верхні Ніл, які мяжуе з Суданам і Эфіопіяй, а таксама штаты Джонглі і Юніці. Ён выкліканы спрэчкамі адносна тэрыторый і доступу да вады. У выніку апошніх баёў, якія пачаліся ў сярэдзіне лістапада, колькасць уцекачоў, паводле Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, складзе не менш за 9 тысяч, у асноўным – гэта жанчыны і дзеці. Многія з іх “відавочна траўміраваны”, яны паведамляюць пра забойствы, гендарнае насілле, выкраданне людзей і вымагальніцтва.
З 2013 года, праз два гады пасля атрымання незалежнасці ад Судана, у краіне пачаўся ўзброены канфлікт паміж войскамі, вернымі прэзідэнту Салва Кііру, і паўстанцамі, лідарам якіх стаў Рыек Мачар. Мірнае пагадненне, падпісанае ў 2018 годзе, у цяперашні час дзейнічае, але рэалізуецца складана. На сённяшні дзень, па некаторых ацэнках, у канфлікце ўжо загінулі каля 400 тысяч чалавек. Выбары, якія неаднаразова пераносіліся, запланаваны на канец 2024 года.
Нагадаем, што Папа збіраецца наведаць Паўднёвы Судан з апостальскім візітам. Паездка ў Джубу афіцыйна анансавана на 3-4 лютага 2023 года.