Дэпутаты ізраільскага Кнэсета. Ілюстрацыйнае фота Дэпутаты ізраільскага Кнэсета. Ілюстрацыйнае фота 

Святая Зямля: біскупаў непакояць заявы ў новым урадзе Ізраіля

Каталіцкія біскупы Святой Зямлі занепакоены рознагалоссем унутры новай урадавай кааліцыі Ізраіля, што пагражае далейшым ростам насілля ў рэгіёне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Пагаршэнне грамадскай і палітычнай сітуацыі выклікае непакой”, - гаворыцца ў заяве Асамблеі каталіцкіх ардынарыяў Святой Зямлі (AOCTS). Праменьчыкам надзеі, аднак, з’яўляецца вяртанне пілігрымаў, якія, акрамя матэрыяльных дабротаў, прывозяць з сабой “больш увагі да Святой Зямлі”. Гэта стварае працоўныя месцы, спрыяе росквіту і дае адчуванне, што “пра нас не забыліся”, - адзначылі іерархі.

У Асамблею ўваходзяць каталіцкія біскупы лацінскага, халдзейскага, мараніцкага, мелькіцкага, армянскага і сірыйскага абрадаў, якія працуюць у Ізраілі, Палестыне, Іарданіі, Ліване і на Кіпры. У цяперашні час яе ўзначальвае мараніцкі арцыбіскуп Акры і Святой Зямлі Муса эль-Хаге.

Члены ўрадавай кааліцыі, якая зараз фарміруецца, робяць заявы, якія выклікаюць рознагалоссі ў дачыненні да арабскай і іншых неяўрэйскіх супольнасцей. “Гэтым яны распальваюць недавер і закладваюць падмурак для далейшага насілля. Вербальнае насілле рана ці позна непазбежна пераходзіць у фізічнае”, - звярнулі ўвагу біскупы Святой Зямлі. Асабліва драматычнай яны назвалі сітуацыю на акупаваных палесцінскіх тэрыторыях.

Але з аптымізмам і надзеяй іерархі глядзяць на многіх людзей, нацыянальныя і рэлігійныя аб’яднанні і рухі, якія працягваюць працаваць на карысць сяброўства і салідарнасці. Такім чынам яны дзейнічаюць як “антыцелы” супраць нарастаючай спакусы ізаляцыі і адмовы ад дыялогу і сустрэчы.
 

15 снежня 2022, 11:55