Кардынал П'етра Паралін падчас выступлення ў ААН. Ілюстрацыйнае фота Кардынал П'етра Паралін падчас выступлення ў ААН. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад выступае за новую Еўрапейскую мірную канферэнцыю

“Ці Еўропа па-ранейшаму верыць у прынцыпы, якія паставіла перад сабой пасля Другой сусветнай вайны дзякуючы прадбачлівасці сваіх бацькоў-заснавальнікаў?” - спытаў кардынал П’етра Паралін.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас сустрэчы, арганізаванай пасольствам Італіі пры Апостальскай Сталіцы ў супрацоўніцтве з ватыканскімі СМІ і часопісам Limes, на тэму: Еўропа і вайна: ад духу Хельсінкі да перспектыў міру, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці заклікаў да супрацоўніцтва ў справе арганізацыі новай мірнай канферэнцыі ў Еўропе.

На думку кіраўніка дыпламатыі Святога Пасада, сёння патрэбны “большы ўдзел, арганізаваны і спланаваны, еўрапейскай грамадзянскай супольнасці, пацыфісцкіх рухаў і аналітычных цэнтраў, якія б працавалі на карысць міру і дыялогу на ўсіх узроўнях”.

У той жа час бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца падкрэсліў неабходнасць канкрэтных дзеянняў. Ён указаў на рэальную небяспеку ядзернага канфлікту. “Раззбраенне з’яўляецца адзіным цвёрдым адказам, калі мы хочам будаваць мірную будучыню”, - сказаў ён.

Іерарх указаў на неабходнасць вяртання да прынцыпаў, змешчаных у Хельсінкскім дакуменце: “адсутнасць пагрозы сілай або яе прымянення, павага да непарушнасці меж, тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаў, мірнае вырашэнне спрэчак, неўмяшанне ва ўнутраныя справы, павага да асноўных свабод, у тым ліку свабоды веравызнання, раўнапраўя і самавызначэння нацый, выкананне міжнародных абавязацельстваў”.

“У нас яшчэ ёсць час. Давайце шукаць новыя шляхі міру, пачынаючы з Еўропы, нікога не выключаючы. Давайце інвеставаць у мір на ўсіх узроўнях, пачынаючы са школьнай адукацыі. Давайце падтрымаем лідараў, якія вераць у мір. Няхай Еўропа зноў стане святлом цывілізацыі, заснаванай на міры, праве і міжнародных прынцыпах”, - звярнуўся да палітыкаў кардынал Паралін.
 

14 снежня 2022, 10:54