Трое мужчын, судовы руль і Божае Нараджэнне
Марыя Валодзіна – Vatican News
Да свята Божага Нараджэння засталося менш за месяц, - напісаў на партале Vatican News Андрэа Тарніелі, - і навіна пра трох мужчын, якія правялі адзінаццаць дзён на рулі танкера, здавалася бы, не мае са святам нічога агульнага. Тым не менш, сімвалічная гісторыя трох мігрантаў, якія прыплылі з Нігерыі на Канарскія астравы, здзіўляе. Здзіўляе таму, што яна выжылі, нягледзячы на холад, хвалі, сонца і смагу, скруціўшыся ў кармавой частцы карабля па-над самай вадой. Здзіўляе таму, што мы не можам не думаць пра лёс сям'і з Назарэта – сімвала ўсіх бежанцаў, мігрантаў і перамешчаных асоб.
“Хрысціянскі Бог, стаўшы чалавекам, разам з Марыяй і Юзафам быў мігрантам і бежанцам у Егіпце. Іх сям'і прыйшлося бегчы ў Егіпет, каб выратавацца ад наёмнікаў Ірада, гатовых забіць Езуса. Іх сям'я зведала, што такое выгнанне, ранімасць, рызыкі падарожжа, аддаленасць ад хаты”, - піша галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.
Мы не ведаем, што прымусіла траіх мужчын адправіцца ў адчайнае падарожжа праз Атлантыку, чапляючыся за велізарны руль танкера. Мы можам толькі дапусціць, што сітуацыя, у якой яны жылі, прымусіла іх пайсці на рызыку быць паглынутымі безданню або памерці ад цяжкасцяў плавання, як гэта адбываецца са шматлікімі мігрантамі, - лічыць Тарніелі.
Акрамя таго, стала вядома, што пасля атрымання медыцынскай дапамогі ў Лас-Пальмасе, мужчын адправяць назад у Нігерыю. Фотаздымак, які адлюстроўвае іх, забітых горам і смагай, на рулі карабля, абляцеў увесь свет. Ён дапамагае нам не забыцца пра мігрантаў, якія кожны дзень кідаюць выклік хвалям Міжземнага мора ў пошуках бяспечнай гавані, ратуючыся ад голаду, пакут, войнаў.
На думку эксперта, дазвол застацца ў Еўропе мог бы стаць для трох мігрантаў нечаканым калядным падарункам. Італьянскі фонд Casa dello Spirito e delle Arti ужо пачаў дзейнічаць для таго, каб ажыццявіць гэтую мару, - распавёў галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.