Бэнэдыкт XVI Бэнэдыкт XVI   (ANSA)

New York Times: Бэнэдыкт XVI не быў кансерватарам

На старонках біяграфіі і прац спачылага Бэнэдыкта XVI я ўбачыў рамантычнага прафесара тэалогіі, поўнага надзеі, - напісаў каталіцкі журналіст Мэцью Уолтэр у New York Times.

Ян Глінскі

“Насуперак папулярным стэрэатыпам Бэнэдыкт XVI не быў кансерватарам, ён і сёння ўсё яшчэ здзіўляе свет, а асабліва агностыкаў і атэістаў”, - напісаў Уолтэр, які адначасова з’яўляецца рэдактарам каталіцкага літаратурнага часопіса The Lamp і супрацоўнікам Інстытута даследаванняў чалавечай экалогіі ў Каталіцкім універсітэце Амерыкі ў Вашынгтоне.

Ва ўступе аўтар нагадаў аб шматлікіх стэрэатыпах адносна Папы, які памёр 31 снежня 2022 года. Амаль чвэрць стагоддзя (1981-2005) кардынал Ратцынгер узначальваў Кангрэгацыю Веравучэння, і ў той час яго лічылі “добрым і дрэнным паліцэйскім”, які быў побач з Янам Паўлам ІІ, і ўспрымалі яго як “перажытак дасаборных часоў”.

На думку Уолтэра, “акрэслены пэўнай дыстанцыяванасцю спосаб маўлення памерлага мог успрымацца як мова чалавека крайне кансерватыўнага, як скептыка і кагосьці далёкага ад разумення сучаснага свету; яго называлі Божым ратвейлерам”. Але журналіст адносна гэтага мае зусім іншае меркаванне і лічыць, што Бэнэдыкт XVI як тэолаг нічым не нагадваў тых карыкатур.

“Я паглыбіўся ў чытанне яго аўтарызаванай біяграфіі, напісанай Пэтэрам Зеевальдам, і, вядома, яго ўласных артыкулаў і твораў. Я адкрыў у іх таксама маладога, рамантычнага прафесара тэалогіі, поўнага надзеі на адбудову сваёй краіны пасля ваеннай трагедыі, а таксама – калі ён навучаўся ў Рыме – усяго Касцёла”, - напісаў аўтар артыкула.

Адным са стэрэатыпаў адносна “традыцыяналізму” Бэнэдыкта XVI можа быць яго стаўленне да традыцыйнай (“трыдэнцкай”) святой Імшы. Журналіст падзяліўся, што сам кожны тыдзень разам з каля 100 тысячамі амерыканскіх католікаў бярэ ўдзел у такой літургіі, за што ўдзячны памерламу Папу. “Да канца сваіх дзён Бэнэдыкт XVI не ставіў пад сумненне значэння Другога Ватыканскага Сабора, яго літургічных рэформ і іншых змен у Касцёле, ён нават не сумняваўся ў іх сэнсе. Ён лічыў, што літургічныя змены павінны адбывацца паволі, арганічным чынам”, - адзначыў аўтар New York Times, нагадаўшы, пра супраціў Папы “літургічным навінкам” і яго ўвагу да захавання “касмічнага” вымярэння ў літургіі.

“Многія прыхільнікі Папы-эмерыта, удзячныя яму за аднаўленне “трыдэнцкіх” Імшаў, адчуваюць пэўную няёмкасць, калі чытаюць яго кнігі ці артыкулы на такія тэмы, як значэнне ўваскрасення ці пекла”, - нагадаў журналіст. Ва Увядзенні ў хрысціянства (1968), якое многія крытыкі называлі “адыходам” Ратцынгера ад яго рэвалюцыйных поглядаў, або ў Эсхаталогіі ён прадстаўляе пекла як “сапраўдную і катастрафічную адзіноту, якая, будучы па-за межамі любові, не абавязкова павінна быць месцам агню і серы, аб чым, аднак, ясна і выразна вучыў Езус”.

Яшчэ адным парадоксам Бэнэдыкта XVI можна назваць той факт, што яго творчасць, якая была дарам, найбольш адрасоўвалася да няверуючых. У 2011 годзе ў пасланні на Сусветны дзень міру Папа звярнуўся перш за ўсё да “агностыкаў і іншых, хто змагаецца і знаходзіцца ў пошуку”. Ён парадаксальна пахваліў іх пазіцыю, бо яна можа “ачысціць веру веруючых; і такім чынам Бог, сапраўдны Бог, можа стаць больш “дасяжным” для ўсіх людзей”. Аўтар артыкула раіць агностыкам невялікую працу Ратцынгера пра Кнігу Быцця. Там ён піша пра “фундаментальны хаос у свеце, які нагадвае цела цмока; а людзі, будучы часткаю гэтага свету, маюць у сабе, на жаль, таксама яго (цмока) кроў”.

Адначасова для Бэнэдыкта было відавочна, што вернікі павінны дзяліцца тым, што захоўваюць, як скарб, са сваімі няверуючымі братамі. “Так, усе мы з’яўляемся дзецьмі таго старажытнага хаосу. Але ёсць штосьці большае за яго. Нягледзячы на ўсю нашу дурасць, у цэнтры нас існуе Бог, якога можна распазнаць па Яго дарах. Гэта Бог, які не толькі любіць, але які сам ёсць Любоў”, - напісаў тагачасны Папа.

Мэцью Уолтэр на пачатку свайго артыкула прывёў словы з верша англійскага паэта Уістэна Хью Одэна (1907-1973), якія той напісаў пра свайго памерлага сябра, таксама паэта, Уільяма Батлера Ейтса: “Словы мёртвага чалавека змяняюць нутро жывых” (The words of a dead man are modified in the guts of the living). “І тое самае, – мяркуе Уолтэр, – можна прымяніць да багатай спадчыны Бэнэдыкта XVI, якая чакае далейшых адкрыццяў”.
 

13 студзеня 2023, 10:19