Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Францішак просіць маліцца за Украіну і памятаць урокі Халакосту

25 студзеня 2023 года, завяршаючы агульную аўдыенцыю, Папа заклікаў выкараніць нянавісць і насілле, якія падсілкоўвалі Халакост, а таксама ўдзельнічаць у справе еднасці хрысціян і маліцца за мір ва Украіне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Паслязаўтра, 27 студзеня, будзе адзначацца Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту. Памяць пра знішчэнне мільёнаў яўрэяў і людзей іншых веравызнанняў немагчыма сцерці або адмовіць. Не можа быць пастаяннай прыхільнасці сумеснаму будаванню братэрства без папярэдняй ліквідацыі каранёў нянавісці і насілля, якія падсілкоўвалі жах Халакосту”, - заўважыў Францішак.

У дзень завяршэння Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціян, ён заклікаў вернікаў, усведамляючы дар сакрамэнту хросту, “кожны дзень працаваць, маліцца і складаць штодзённую ахвяру дзеля еднасці ўсіх тых, хто верыць у Хрыста”.

“Няхай змучаная Украіна, якая так пакутуе, заўсёды займае месца ў нашых думках і малітвах. (...) Будзем пастаянна, кожны дзень, маліцца аб канчатковым міры ва Украіне”, - звярнуўся Пантыфік да сваіх слухачоў. Ён згадаў сённяшнюю сустрэчу з рэлігійнымі лідарамі Украіны, якія распавялі яму пра пакуты народа, і адзначыў, што “ўсе яны адзіныя”.
 

25 студзеня 2023, 11:04