Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (@miniavailable)

Партугалія: улады выдзеляць 79 мільёнаў еўра на арганізацыю СДМ

Урад Партугаліі і ўлады акруг, дзе пройдуць асноўныя мерапрыемствы Сусветных дзён моладзі, выдзеляць на іх арганізацыю 79 мільёнаў еўра.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Урад Антоніу Кошта абавязаўся прызначыць на гэтыя мэты 36,5 мільёнаў еўра, а ўлады Лісабона – 33,5 мільёны еўра. Другая з акруг – Лурэс, дзе знаходзіцца пляцоўка будучага форума, пакрые выдаткі, якія ацэньваюцца ў 9 мільёнаў еўра.

Асноўныя мерапрыемствы і малітвы, у тым ліку сустрэчы моладзі з Папам, запланаваны на лугах, размешчаных на мяжы акруг Лісабон і Лурэс, агульнай плошчай 100 гектараў. Пасля заканчэння сустрэчы каталіцкай моладзі тут плануецца пабудаваць вялікі парк з зонамі адпачынку.

Дапаможны біскуп Лісабонскай архідыяцэзіі Амерыка Агіяр, які ўзначальвае камісію па падрыхтоўцы, запэўніў, што касцёльныя ўлады жадаюць поўнай празрыстасці фінансавых выдаткаў. Ён пацвердзіў, што на сённяшні дзень для ўдзелу ў асамблеі зарэгістраваліся 300 тысяч чалавек з розных частак свету.

Цэнтральнае святкаванне XXXVII Сусветных дзён моладзі пройдзе ў Лісабонскай агламерацыі 1-6 жніўня 2023 года пад дэвізам: “Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла” (Лк 1, 39).
 

10 студзеня 2023, 11:27