Тры езуіты і адзін Папа атрымалі імянныя астэроіды
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Гаворка ідзе пра тры астэроіды, названыя ў гонар езуітаў: 562971 Ёханхаген – названы ў гонар ксяндза Ёхана Георга Хагена, дырэктара Ватыканскай абсерваторыі ў перыяд з 1906 па 1930 год; 551878 Стогер – названы ў гонар ксяндза Біла Стогера, касмолага і тэолага Ватыканскай абсерваторыі; 565184 Януш – называны ў гонар ксяндза Роберта Януша, супрацоўніка Ватыканскай абсерваторыі, якія працягвае працаваць у гэтай структуры. Увогуле ў гонар езуітаў, названы больш за трыццаць малых нябесных цел.
Яшчэ адзін астэроід – 560974 Угабанкампаньі – быў называны ў гонар Уга Банкампаньі, папы Грыгорыя XIII, які здзейсніў рэформу календара і стаяў ля вытокаў развіцця ватыканскай астраноміі. Менавіта гэты Пантыфік даручыў нямецкаму езуіту, астраному Хрыстафору Клавіусу (у гонар якога названы астэроід 20237 Клавіус) распрацаваць праект новага календара, які быў прыняты ў 1582 годзе, атрымаўшы назву грыгарыянскага, і які сёння выкарыстоўваецца ва ўсім свеце.
Наданне назваў астэроідам – гэта працэс, які можа займаць некалькі дзесяцігоддзяў. Калі адкрываецца новае малое нябеснае цела, яму даецца часовая назва, звязаная з датай адкрыцця. Калі арбіта аб’екта вызначаецца настолькі, што становіцца магчымым прадбачыць яго месцазнаходжанне ў далёкай будучыні, яму прызначаецца пастаянны нумар.
У такой сітуацыі адкрывальнік можа прапанаваць назву для гэтага нябеснага цела. Забаронена даваць назвы ў гонар хатніх жывёл ці назвы камерцыйнага характару. Імёны людзей ці падзей, вядомыя ў сувязі з палітычнымі ці ваеннымі прычынамі, могуць выкарыстоўвацца толькі праз сто гадоў пасля смерці гэтых асоб ці даты падзеі. Прапанаваныя назвы вывучаюцца і ўхваляюцца групай з пятнаццаці астраномаў, упаўнаважаных Міжнародным астранамічным саюзам.