Украіна просіць Святы Пасад дапамагчы вярнуць дзяцей з Расіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Па дадзеных украінскага ўрада, гаворка ідзе пра 16 тысяч непаўналетніх. Многія з іх былі аддадзены на ўсынаўленне ў расійскія сем'і. Іншыя трапілі ў спецлагеры ў Крыме і ў Расіі.
Учора прадстаўнікоў украінскага парламента прыняў кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін і сакратар па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. Увечары яны сустрэліся з журналістамі ва ўкраінскім пасольстве.
Парламентарыі прызналіся, што разлічваюць на дапамогу Святога Пасада, бо пасрэдніцтва ватыканскай дыпламатыі ўжо даказала сваю эфектыўнасць пры абмене палоннымі. Як нядаўна паведаміў прэзідэнт Зяленскі, да 4 лютага 2023 года з расійскага палону вярнуліся 1762 украінцы.
Падчас прэс-канферэнцыі адзначалася, што Расія не ўлічвае заканадаўства і міжнародныя пагадненні, таму на іх нельга спасылацца пры абмене палоннымі або магчымай рэпатрыяцыі ўкраінскіх дзяцей. У такой сітуацыі эфектыўным з’яўляецца толькі ўмяшанне ўплывовых лідараў або міжнародных арганізацый, такіх як Папа і Святы Пасад. Прадстаўнікі Украіны перакананыя, што зварот Францішка адносна дэпартаваных дзяцей мог бы дапамагчы ім вярнуцца дадому.
Парламентарыі не хавалі, што падчас сустрэч заахвочвалі да візіту Папы ў Кіеў. На іх думку, ставіць яго ў залежнасць ад магчымасці наведвання Масквы не з’яўляецца адпаведным падыходам.