Экуменічны візіт у Паўднёвы Судан Экуменічны візіт у Паўднёвы Судан  (ANSA)

Архіепіскап Уэлбі: наша сумеснае падарожжа – знак для свету

Сумесны з Папам і мадэратарам Царквы Шатландыі візіт у Паўднёвы Судан пракаментаваў у інтэрв’ю Vatican News Прымас Англіканскай Царквы, Архіепіскап Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

На думку англіканскага іерарха, экуменічная пілігрымка ў Паўднёвы Судан будзе мець наступствы як на мясцовым, так і на глабальным узроўні. Ён лічыць, што першы ў гісторыі сумесны візіт трох рэлігійных лідараў павінен стаць “знакам надзеі на мір і прымірэнне ва ўсім свеце”.

Архіепіскап Уэлбі прызнаўся, што ў якасці знака сувязі паміж Цэрквамі, з нагоды пілігрымкі ў Паўднёвы Судан, ён надзеў пярсцёнак, падараваны ў 1960-я гады Паўлам VI яго папярэдніку, архіепіскапу Майклу Рамсэй, а таксама ўжываў пастарал, які ў 2016 годзе яму падарыў Францішак. Выкарыстанне гэтых атрыбутаў, на думку іерарха, кажа пра перемену сэрцаў, якой сёння патрабуюць усе.

Прымас нагадаў, што экуменічны рух атрымаў моцны імпульс падчас Другой сусветнай вайны і падчас пераследу вернікаў камуністычнымі рэжымамі ў пасляваенны перыяд. Таму ён вельмі звязаны з нясеннем Евангелля міру, як у свет, так і ў сэрцы людзей, - перакананы іерарх.

Архіепіскап Кентэрберыйскі нагадаў, што хрысціян аб’ядноўвае адно ўваскрасенне – Езуса Хрыста, якое з’яўляецца крыніцай нашага жыцця; адзін Укрыжаваны Бог – крыніца нашага прабачэння; і адзін Дух – крыніца жыцця Царквы і нашых дароў.

“Бог зрабіў усё, каб нашае прымірэнне стала магчымым. Яму супрацьстаіць толькі чалавечая пыха. У пэўнай ступені гэта несвядомая пыха, падобная да пыхі тых пар у сужэнскіх кансультацыях, з якімі я сустракаўся і якія шмат гадоў жылі асобным жыццём: яны прызвычаіліся быць паасобку і лічаць гэта нармальным. Нам трэба пастаянна нагадваць, і я спадзяюся, што наша паездка нагадае людзям, што гэта нармальна, калі Царква працуе як адзінае цэлае. Што ненармальна, дык гэта канкурэнцыя”, - падкрэсліў Прымас Англіканскай Царквы.
 

06 лютага 2023, 10:34