Францішак заклікаў да прысвячэння свету Сэрцу Марыі
У канцы агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 22 сакавіка 2023 года, Папа заклікаў кожнага верніка і кожную супольнасць прысвяціць сябе Беззаганнаму Сэрцу Марыі дзеля Касцёла і чалавецтва, асабліва Расіі і Украіны.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“У суботу мы будзем адзначаць урачыстасць Звеставання Пана, і нашы думкі вяртаюцца да 25 сакавіка мінулага года, калі ў еднасці з усімі біскупамі свету Касцёл і чалавецтва, асабліва Расія і Украіна, былі прысвечаны Беззаганнаму Сэрцу Марыі”, - нагадаў Францішак.
Ён заклікаў “кожнага верніка і кожную суполку, асабліва малітоўныя групы”, “нястомна даручаць справу міру Каралеве супакою”, робячы гэта кожны год 25 сакавіка.
“Яна – маці, таму можа захаваць нас усіх у адзінстве і міры. І давайце не будзем забывацца ў гэтыя дні пра змучаную Украіну, якая так шмат пакутуе”, - звярнуўся Пантыфік.
22 сакавіка 2023, 11:03