Папа размаўляе з моладдзю ў дакументальным фільме Disney

Незвычайны дакументальны фільм з удзелам Папы і іспанамоўнай моладзі хутка выйдзе на відэа-платформе Disney+.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прэм’ера стужкі Папа: Адказы адбудзецца 5 красавіка 2023 года. Паводле заявы прадзюсарскай кампаніі, гаворка ідзе пра "шчырую і сумленную размову паміж адным з самых уплывовых людзей у свеце і дзесяццю іспанамоўнымі маладымі людзьмі ва ўзросце ад 20 да 25 гадоў ". Яны задаюць пытанні, звязаныя з тэмамі, якія іх сапраўды хвалююць: фемінізм, роля жанчын у Касцёле, рэпрадуктыўныя правы, страта веры, міграцыйны крызіс, гомасексуалізм, злоўжыванні ў Касцёле, расізм і псіхічнае здароўе.

Сярод гасцей Пантыфіка быў малады чалавек, які стаў ахвярай сексуальнага гвалту ў каталіцкай школе, а таксама дзяўчына, якая хавалася ад правасуддзя.

Сустрэча прайшла ў чэрвені 2022 года ў Піньета, адным з самых эклектычных раёнаў Рыма. Яе вынікам стала інтэнсіўная і дынамічная размова, заснаваная на суперажыванні, цікаўнасці, павазе і ўзаемным абмене.

Па дадзеных іспанамоўнай каталіцкай платформы Religion digital, пасля запісу Францішак запытаў дадатковую інфармацыю пра ахвяру педафіліі. У выніку была ініцыявана кананічная працэдура.

Рэжысёрам выступіў іспанскі кінематаграфіст і журналіст Джордзі Эволе, які ўжо правёў некалькі інтэрв'ю з Францішкам. У трэйлеры фільма Папа дзякуе маладым людзям пасля інтэрв'ю: "Я шмат чаму навучыўся ў вас падчас гэтай пастырскай сустрэчы. Дзякую вам за тое дабро, якое вы скіравалі ў мой адрас".
 

22 сакавіка 2023, 09:28