Саграда Фамілія ў Барселоне: завяршэнне будаўніцтва адкладаецца
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Колькасць наведвальнікаў спраектаванага Антоніа Гаўдзі храма ў апошнія месяцы значна павялічылася. Як паведамілі каталонскія СМІ, у 2022 годзе сюды прыехалі амаль 3,8 мільёна турыстаў з усяго свету. Гэта практычна ў тры разы больш, чым у папярэднім годзе. Аднак паказчык застаецца ўсё яшчэ прыкладна на 20 працэнтаў ніжэйшым, чым у 2019 годзе, які папярэднічаў пандэміі.
Даход у памеры больш за 100 мільёнаў еўра плануецца ў значнай ступені выкарыстаць для далейшага будаўніцтва базілікі.
Саграда Фамілія, спраектаваная Антоніа Гаўдзі (1852-1926), з'яўляецца адным з самых вядомых каталіцкіх храмаў у свеце і будуецца з 1882 года. У 2005 года касцёл стаў аб'ектам Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У 2010 годзе Бэнэдыкт XVI прысвоіў яму тытул Малая базіліка.
Планавалася, што будаўніцтва завершаць да 100-годдзя з дня смерці Гаўдзі ў 2026 годзе. Аднак з прычыны пандэміі COVID-19 гэта не можа быць рэалізавана. Новай даты пакуль няма.
Гаўдзі ўзяўся за будаўніцтва храма ў 1883 годзе, праз год пасля закладкі першага каменя. Ён працаваў над ім 43 гады, але змог рэалізаваць толькі адну дзясятую частку. У 1926 годзе архітэктар атрымаў у аварыі смяротную траўму. Пасля гэтага будаўнічыя работы прасоўваліся павольна. З 2000 года вядзецца беатыфікацыйны працэс творцы.