Барталамей I: у смяротнай цемры зноў ззяе святло Уваскрасення
Марыя Валодзіна - Vatican News
“Уваскрасенне ніколі не было так тэрмінова неабходным, як сёння, калі ўсе мы бачым вакол сябе цемру пераследаў, пакут і смерці. Крыж ўяўляе сабой вышэйшае сутыкненне паміж моцай Божай Любові і любоўю да зямной улады. Дастаткова толькі паглядзець на варожасць ва Украіне. Дастаткова паглядзець на раскол у грамадстве”, - такімі разважаннямі падзяліўся Экуменічны Патрыярх з нагоды Вялікадня, які праваслаўныя святкуюць 16 красавіка 2023 года.
Барталамей I адзначыў, што “у трагедыі адзіноты і смерці ўжо пачынае ззяць святло Ўваскрасення”, бо “Крыж і Ўваскрасенне – гэта два аспекты адзінага акту збаўлення і прымірэння”. Ён спаслаўся на словы святога Яна Лесвічніка, які кажа пра "радасны смутак" адначасовага досведа Вялікай Пятніцы і Вялікай Суботы.
Экуменічны Патрыярх падкрэсліў, што “таямніча і парадаксальна” святло Хрыстова з'яўляецца толькі сярод цемры. "Уваскрасенне прапануе новае разуменне, новае бачанне і новае ўспрыманне. У яго святле мы можам убачыць усё як створанае і задуманае Богам. Гэтае святло ззяе ярчэй любой цемры ў нашым сэрцы і ў нашым свеце”, - зазначыў Барталамей I.
“Наша палкая малітва за ўсіх вас і за ўвесь свет узносіцца аб тым, каб у гэты Велікодны час жыццё перамагло смерць, любоў перамагла нянавісць, а дабро перамагло зло. Хрыстус уваскрос!"- такімі словамі завяршыў сваё пасланне Патрыярх Барталамей I.