Папа благаславіў удзельнікаў акцыі салідарнасці з Украінай
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Разам з рэчамі першай неабходнасці, яны прынясуць блізкасць італьянскага народа змучанаму народу Украіны, а сёння ахвяравалі аліўкавыя галінкі, сімвал Хрыстовага міру. Давайце далучымся да гэтага жэсту праз малітву, якая стане яшчэ мацнейшай у дні Вялікага тыдня”, - заахвоціў Святы Айцец.
Акцыя салідарнасці пад назвай Караван міру была арганізавана Асацыяцыяй Яна ХХІІІ, Федэрацыяй хрысціянскіх міжнародных арганізацый валанцёрскага служэння (FOCSIV), Pro Civitate Christiana, Pax Christi і іншымі каталіцкімі аб’яднаннямі.
У ініцыятыве прымаюць удзел каля 150 валанцёраў. На трыццаці грузавых аўтамабілях яны даставяць ва Украіну некалькі дзясяткаў электрагенератараў і 20 тон гуманітарнай дапамогі. Каштоўны груз вырушыў 30 сакавіка 2023 года з Падуі. У бліжэйшыя дні ён прыбудзе ў Мікалаеў, адкуль адправіцца да жыхароў гарадоў і вёсак ля самай лініі фронту.