Каталін Новак падчас сустрэчы з Францішкам. 25.08.2022 Каталін Новак падчас сустрэчы з Францішкам. 25.08.2022  (Vatican Media)

Прэзідэнт Венгрыі: Францішак стаіць на баку атакаваных украінцаў

“Пандэмія каронавіруса і вайна ва Украіне забралі ў людзей надзею на мірнае жыццё”, - сказала прэзідэнт Венгрыі ў інтэрв’ю каталіцкаму парталу Magyar Kurir перад трохдзённым візітам Папы ў Венгрыю.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Я веру, што Пантыфік верне нам гэтую надзею праз сваё пасланне міру. Біблія вучыць нас, што будучыня належыць людзям міру. Францішак – чалавек міру, і мы, венгры, таксама”, - адзначыла Каталін Новак, якая належыць да супольнасці кальвіністаў.

Аб агрэсіўнай вайне з боку Расіі супраць Украіны і яе далёка ідучых наступствах яна падкрэсліла, што галоўная задача – дапамагчы ахвярам вайны, асудзіць агрэсію і знайсці шлях да міру.

Прэзідэнт выказала ўдзячнасць за пазіцыю Францішка, якую ён выразна пазначыў у сваім нядаўнім велікодным пасланні. “Ён асуджае расійскую агрэсію, ён становіцца на бок атакаваных украінцаў, ён гатовы выконваць ролю пасрэдніка, але ў той жа час ён не забываецца пра расійскі народ”, - патлумачыла яна, дадаючы: “Думаю, што гэта мудрае хрысціянскае стаўленне, якое мы павінны пераймаць”.

Новак лічыць, што палітычныя лідары павінны зрабіць усё для хутчэйшага дасягнення міру. “Для пошуку рашэнняў неабходна заахвочваць дыялог паміж бакамі, якія вядуць вайну, і сіламі, якія іх падтрымліваюць. У той жа час мне здаецца відавочным, што вайна не можа скончыцца дасягненнем Расіяй сваіх намераў, нават калі яна не назвала канкрэтнай мэты. Вайна не можа скончыцца тым, што Расія застанецца на тэрыторыі Украіны”, - адзначыла прэзідэнт Венгрыі.
 

27 красавіка 2023, 14:20