Мітрапаліт Іларыён: сустрэча з Папам мела характар асабістай
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На сайце Царквы, якую ён узначальвае, іерарх згадаў пра суботнюю сустрэчу са Святым Айцом у Апостальскай нунцыятуры ў Будапешце. У пачатку амаль дзевяціхвіліннага відэароліка ён заявіў, што “сустрэча тлумачыцца асабістым сяброўствам” паміж ім і Францішкам, якое доўжыцца больш за дзесяць гадоў.
Іларыён быў пасланнікам сваёй Царквы на цырымоніі інаўгурацыі ў Ватыкане ў 2013 годзе. На наступны дзень ён каля гадзіны гутарыў з Папам сам-насам. “Ён стаў трэцім Пантыфіка, якога я сустракаў у сваім жыцці: адзін раз – Ян Павел II і чатыры разы – Бэнэдыкт XVI. У выпадку з Францішкам я выявіў, што ён добра падрыхтаваны з пункту гледжання двухбаковых адносін", - сказаў ён.
Далей мітрапаліт распавёў пра Венгрыю як пра адзіную краіну Еўрапейскага Саюза, “якая застаецца адкрытай, нягледзячы на ціск з боку Вашынгтона і Бруселя” і “абараняе хрысціянскія каштоўнасці, паслядоўна супрацьстаіць прапагандзе лібералізму, маральнай усёдазволенасці і распусты”. “Венгерская дзяржава падтрымлівае мясцовыя хрысціянскія канфесіі, уключаючы нашу Царкву”, - заўважыў ён. Іерарх прызнаўся, што распавёў пра гэта Папу падчас сустрэчы 29 красавіка 2023 года, гэтак жа як і пра добрыя адносіны з мясцовай каталіцкай дыяцэзіяй.