Францішак падчас візіту ў Ізраіль. Ілюстрацыйнае фота Францішак падчас візіту ў Ізраіль. Ілюстрацыйнае фота 

Пасол Ізраіля: шырокае поле для супрацоўніцтва са Святым Пасадам

Дэкларацыя Другога Ватыканскага Сабора Nostra aetate, якая тычыцца адносін Касцёла з юдаізмам, мела не толькі рэлігійныя наступствы, але таксама і палітычныя, - заўважыў Пасол Ізраіля пры Святым Пасадзе Рафаэль Шутц.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Дыпламатычныя адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Ізраілем з’яўляюцца часткай больш шырокай з’явы: змены падыходу Каталіцкага Касцёла да юдаізму і юдэяў”, - сказаў дыпламат у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву SIR з нагоды 75-годдзя заснавання Дзяржавы Ізраіль, якое адзначалася 14 мая 2023 года.

Рафаэль Шутц адзначыў, што ўстанаўленне ў 1993 годзе дыпламатычных стасункаў было адным з этапаў на шляху, адкрытым дэкларацыя Другога Ватыканскага Сабора Nostra aetate: такім чынам гэты дакумент меў не толькі рэлігійныя наступствы, але таксама і палітычныя.

Ізраіль адведвалі Павел VI, Ян Павел ІІ, Бэнэдыкт XVI і Францішак. Дыплатат прызнаўся, што калі б павінен быць выбраць адзін з жэстаў гэтых Пантыфікаў, у якасці прыкладу глыбіні адносін паміж Ізраілем і Святым Пасадам, ён назваў бы візіт Францішка на магілу Бін’яміна Зеэў Герцля ў Іерусаліме, заснавальніка сучаснага палітычнага сіянізму, які прадугледжваў стварэнне яўрэйскай дзяржавы.

“Жэст Папы Францішка на мой погляд з’яўляецца хрысціянска-каталіцкім прызнаннем таго, што Nostra aetate не тычыцца толькі рэлігійнай легітымнасці юдаізма, але ахоплівае таксама палітычна-нацыянальнае самавызначэнне яўрэйскага народа ў форме Дзяржавы Ізраіль”, - дадаў ён.

Пасол заўважыў, што перад Апостальскай Сталіцай і Ізраілем яшчэ стаіць шмат пытанняў, якія патрабуюць вырашэння. У прыватнасці была згадана праца над Базавым пагадненнем, якое павінна рэгуляваць у тым ліку пытанні эканамічнага і падатковага характару. Яна ішла цягам некалькіх апошніх гадоў, але цяпер, здаецца, спынілася.

Шутц патлумачыў, што працы над дамовай перашкодзіла пандэмія і ўрадавы крызіс у Ізраілі, які прадугледжваў пяць выбарчых кампаній за вельмі кароткі перыяд часу. “Гэта нешчаслівае супадзенне паўплывала таксама на перамовы над эканамічным пагадненнем. Я спадзяюся, што мы зможам аднавіць іх як мага хутчэй і давесці да станоўчага завяршэння”, - заўважыў прадстаўнік Дзяржавы Ізраіль.

Рафаэль Шутц заўважыў, што перад Святым Пасадам і Ізраілем ёсць вельмі шмат супольных выклікаў, якія цудоўным чынам пералічыў Францішак у сваіх дакументах Laudato si’ i Fratelli tutti. “Гэтыя дзве энцыклікі маюць шмат агульнага з юдэйскім прынцыпам цікун алам (выпраўленне свету)”, - сказаў дыпламат, нагадваючы пра перадавыя ізраільскія экалагічны тэхналогіі, ужыванне якіх адпавядае поглядам Папы.

Пасол назваў непрымальным напады на хрысціянскія супольнасці ў Святой Зямлі, а таксама пракаментаваў пазіцыю Святога Пасаду адносна патрэбы вырашэння ізральска-палестынскага канфлікту згодна з прынцыпам “дзве дзяржавы для двух народаў”.

“Я думаю, што мы павінны гаварыць пра прынцыпы, а не засяроджвацца на канкрэтным вызначэнні або формуле. Для мяне, не толькі як для дыпламата, але і асабіста, галоўнымі з’яўляюцца два прынцыпы. Адзін з іх заключаецца ў тым, каб Ізраіль мог працягваць існаваць як дзяржава, якая адначасова з’яўляецца і плюралістычнай дэмакратыяй, і радзімай яўрэйскага народа. Другі – палестынцы таксама павінны рэалізаваць свае грамадзянскія і нацыянальныя памкненні. Мы павінны быць адкрытымі і творчымі ў пошуку рашэння, якое будзе адпавядаць гэтым двум прынцыпам”, - сказаў Рафаэль Шутц.
 

15 мая 2023, 12:05