Інстытут рэлігійных спраў абнародаваў баланс за 2022 год
Марыя Валодзіна – Vatican News
У штогадовай справаздачы аб дзейнасці Інстытута рэлігійных спраў (Istituto per le Opere di Religione - IOR), апублікаванай 6 чэрвеня 2023 года, паведамляецца, што чысты прыбытак складае 29,6 млн еўра (у мінулым годзе ён склаў 18,1 млн еўра). Moneyval адносіць IOR да шэрагу “ўстаноў з самым высокім рэйтынгам у свеце".
Cправаздача за 2022 год, складзеная ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі бухгалтарскага ўліку, была аднагалосна ўхвалена Назіральнай Радай 25 красавіка 2023 года і перададзена на разгляд у Камісію кардыналаў з рэкамендацыяй прытрымлівацца "разумнай палітыкі ў размеркаванні дывідэндаў”, улічваючы нядаўнія банкаўскія крызісы ў ЗША і Еўропе і неабходнасць абараніць інстытут у доўгатэрміновай перспектыве, - гаворыцца ў паведамленні IOR.
Назіральная Рада прапанавала Камісіі кардыналаў размеркаваць дывідэнды ў памеры 5,2 млн еўра наступным чынам:
- 3 млн еўра на рэлігійныя справы Францішка;
- 2 млн еўра на дабрачынную дзейнасць Камісіі кардыналаў;
- 200 тыс. еўра на дабрачынную дзейнасць, якую каардынуе прэлат Інстытута.
У сваёй прадмове да справаздачы кардынал Сантас Абрыль-і-Кастэла, старшыня Камісіі кардыналаў, нагадаў, што ў 2022 годзе завяршылася першае судовае разбіральніцтва па справе аб злоўжываннях, якія нанеслі IOR значную шкоду. Гэта было адкрытае разбіральніцтва, якое вялося як у Ватыкане, так і за мяжой. Пасля працяглага судовага працэсу інстытут дамогся значнага поспеху: былі вернутыя 17 229 882 еўра, незаконна выкрадзеныя ў мінулым.
Па словах прэзідэнта IOR Жана-Батыста дэ Франсу, у 2022 годзе кіраўніцтва Інстытута засяродзілася на такіх пытаннях, як пастаяннае ўдасканаленне кіравання інвестыцыямі, пашырэнне этычнай палітыкі, укараненне новай інфармацыйнай платформы, найманне дадатковых спецыялістаў, стварэнне палітыкі ацэнкі персаналу і сістэмы стымулявання, заснаванай на дасягнутых выніках.
Генеральны дырэктар IOR Джан Франка Мамі паведаміў, што па стане на 31 снежня 2022 года "балансавыя актывы IOR склалі 2,8 мільярда еўра". Ён патлумачыў, што "ў перыяд нявызначанасці ў банкаўскім сектары IOR адрозніваецца высокай стабільнасцю актываў і высокай ліквіднасцю", параметры якой "значна перавышаюць нарматыўныя патрабаванні, што робіць яго адным з самых надзейных інстытутаў на міжнароднай банкаўскай арэне".