Пошук

Ліванскі парламент Ліванскі парламент 

Ліван: патрыярх Раі крытыкуе палітычную гульню падчас крызісу

Ва ўмовах жудаснай эканамічнай сітуацыі ў Ліване па-ранейшаму пераважае палітычная інерцыя. На мінулым тыдні парламент павінен быў канчаткова абраць прэзідэнта, але падзелы зноў прывялі да адсутнасці выніку.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ва ўмовах інфляцыі і пагаршэння ўзроўню жыцця ў краіне мараніцкі Патрыярх, кардынал Бешара Бутрас Раі адкрыта асудзіў такія палітычныя гульні. Сітуацыю раскрытыкаваў і праваслаўны іерарх, архіепіскап Элія Аўдэ.

Хрысціянскія фракцыі падтрымалі кандыдатуру Джыхада Азура, які атрымаў найбольшую колькасць галасоў на першай сесіі, але недастаткова для неадкладнага абрання. Паколькі шыіцкая Хезбала прапанавала іншага чалавека на пасаду кіраўніка дзяржавы, перад другім пасяджэннем члены гэтай партыі і яе саюзнікі пакінулі залу. У адсутнасць кворуму парламент завяршыў сваю сесію, не абраўшы прэзідэнта.

У сваім нядзельным казанні кардынал Раі з болем казаў пра крызісную для краіны сітуацыю. “Як мы можам, калі наш народ стаіць раздушаны ў цэнтры гэтых крызісаў, прыняць фарс, які адбыўся падчас сесіі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі ў мінулую сераду, пасля васьмі месяцаў вакууму і чакання, калі Канстытуцыя і дэмакратычная сістэма былі з халоднай крывёй зламаныя, а рана падзелу і рознагалосся стала яшчэ большай у той час, калі Ліван мае патрэбу ва ўмацаванні повязі ўнутранага адзінства”, - адзначыў мараніцкі Патрыярх. - Хіба так мы святкуем стагоддзе краіны, дзе існуе прыклад суіснавання хрысціян і мусульман, грамадскіх свабод, дэмакратыі, культурнай і рэлігійнай разнастайнасці ў адзінстве?" - спытаў духоўны лідар ліванскіх хрысціян.
 

21 чэрвеня 2023, 11:01