Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP)

Нікарагуа: рэжым працягвае дзейнічаць супраць Касцёла

Як паведамляюць вернікі з прыбярэжнага рэгіёна Блюфілдс у Нікарагуа, ксяндзы Луіс Масіс Веласкес і Баярда Антоніа Ругама былі вымушаны пакінуць краіну, каб пазбегнуць арышту за сваё душпастырскае служэнне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святарам ужо даўно пагражалі ваенізаваныя групоўкі на службе прэзідэнта дзяржавы Даніэля Артэгі, які апошнім часам вядзе адкрытую барацьбу з Касцёлам. Яны сталі 78-м і 79-м прадстаўнікамі духавенства і кансэкраваных асоб, якія пакінулі Нікарагуа не па сваёй волі.

Як паведамляе Avvenire, за апошнія 5 гадоў на каталіцкую супольнасць адбылося больш за 500 нападаў, і гэта толькі зарэгістраваныя выпадкі. Выгнанне і арышты святароў прывялі да сітуацыі, калі біскупы вымушаны хутка рэарганізаваць парафіяльныя структуры, каб не пакінуць іх без душпастырскай апекі.

Пераслед Касцёла з боку ўлад Нікарагуа прымае таксама іншыя формы, паведамляе італьянскае каталіцкае інфармацыйнае агенцтва SIR. У канцы мая былі замарожаны сродкі на банкаўскіх рахунках усіх устаноў, якія маюць дачыненне да супольнасці вернікаў – у тым ліку дыяцэзій, парафій і адукацыйных структур.

Вядомая таксама справа зняволення біскупа Раланда Альварэса, прысуджанага да 26 гадоў пазбаўлення волі пасля таго, як той адмовіўся прымусова пакінуць краіну. Улады таксама забаранілі традыцыйныя працэсіі і масавыя сходы ў святочныя дні. Усё гэта адбываецца ў краіне з пераважнай каталіцкай большасцю.

Урад Даніэля Артэгі дзейнічае супраць Касцёла з часоў пратэстаў у 2018 годзе, калі духавенства падтрымала мясцовае насельніцтва ў патрабаванні справядлівасці і годнага жыцця. Вярнуўшы поўны кантроль, палітык пачаў павольную, сістэматычную аперацыю па ліквідацыі любога незалежнага касцёльнага жыцця ў краіне.
 

17 чэрвеня 2023, 11:58