Нікарагуа: рэжым працягвае дзейнічаць супраць Касцёла
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Святарам ужо даўно пагражалі ваенізаваныя групоўкі на службе прэзідэнта дзяржавы Даніэля Артэгі, які апошнім часам вядзе адкрытую барацьбу з Касцёлам. Яны сталі 78-м і 79-м прадстаўнікамі духавенства і кансэкраваных асоб, якія пакінулі Нікарагуа не па сваёй волі.
Як паведамляе Avvenire, за апошнія 5 гадоў на каталіцкую супольнасць адбылося больш за 500 нападаў, і гэта толькі зарэгістраваныя выпадкі. Выгнанне і арышты святароў прывялі да сітуацыі, калі біскупы вымушаны хутка рэарганізаваць парафіяльныя структуры, каб не пакінуць іх без душпастырскай апекі.
Пераслед Касцёла з боку ўлад Нікарагуа прымае таксама іншыя формы, паведамляе італьянскае каталіцкае інфармацыйнае агенцтва SIR. У канцы мая былі замарожаны сродкі на банкаўскіх рахунках усіх устаноў, якія маюць дачыненне да супольнасці вернікаў – у тым ліку дыяцэзій, парафій і адукацыйных структур.
Вядомая таксама справа зняволення біскупа Раланда Альварэса, прысуджанага да 26 гадоў пазбаўлення волі пасля таго, як той адмовіўся прымусова пакінуць краіну. Улады таксама забаранілі традыцыйныя працэсіі і масавыя сходы ў святочныя дні. Усё гэта адбываецца ў краіне з пераважнай каталіцкай большасцю.
Урад Даніэля Артэгі дзейнічае супраць Касцёла з часоў пратэстаў у 2018 годзе, калі духавенства падтрымала мясцовае насельніцтва ў патрабаванні справядлівасці і годнага жыцця. Вярнуўшы поўны кантроль, палітык пачаў павольную, сістэматычную аперацыю па ліквідацыі любога незалежнага касцёльнага жыцця ў краіне.