Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

ААН: мэта ліквідацыі голаду да 2030 года становіцца недасяжнай

Паводле апублікаванага ў Рыме дакладу ААН аб стане сусветнай харчовай бяспекі, у 2022 годзе ад голаду пакутавала пятая частка насельніцтва Зямлі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сярэднім галадалі 735 мільёнаў чалавек, што на 122 мільёна больш, чым да з'яўлення каронавіруса ў 2019 годзе. Акрамя таго, 2,4 мільярда чалавек у 2022 годзе не мелі бяспечнага і пастаяннага доступу да харчавання. Гаворка ідзе пра 29,6 працэнтаў насельніцтва Зямлі.

Згодна з Дакладам, калі гэта тэндэнцыя захаваецца, то мэта ліквідацыі голаду ў свеце да 2030 года стане недасяжнай. Прычынамі такога росту з'яўляюцца пандэміі, экстрэмальныя ўмовы надвор'я і канфлікты, такія як вайна на Украіне.

У Афрыцы ад голаду пакутуе кожны пяты жыхар, кантынент застаецца найбольш пацярпелым рэгіёнам. Паказчык у два разы перавышае сярэднесусветны. У Азіі і Лацінскай Амерыцы, наадварот, дасягнуты пэўны прагрэс.

Паводле справаздачы, у 2021 годзе каля 3,1 мільярда чалавек – 42 працэнты насельніцтва свету – не маглі дазволіць сабе здаровае харчаванне. У мінулым годзе 193 мільёна дзяцей ва ўзросце да пяці гадоў недаядалі, а 37 мільёнаў мелі лішнюю вагу.

“Глабальныя намаганні па барацьбе з голадам павінны быць неадкладна актывізаваны”, - заявіў у відэазвароце генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш. Ён падкрэсліў неабходнасць стварэння сістэмы “ўстойлівасці да крызісаў і ўзрушэнняў, якія выклікаюць адсутнасць харчовай бяспекі – ад канфліктаў да клімату”.

Даклад аб стане сусветнай харчовай бяспекі (World Food Report) публікуецца пяццю агенцтвамі ААН: Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыяй, Міжнародным фондам сельскагаспадарчага развіцця, Дзіцячым фондам ААН, Сусветнай харчовай праграмай і Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя.
 

13 ліпеня 2023, 13:23