Пошук

Ілюстрацыйная выява Ілюстрацыйная выява 

COMECE аб этычнай беспадстаўнасці права на аборт

Камітэт па этыцы Камісіі біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці (COMECE) выступіў з заявай пра этычную неапраўданасць уключэння права на аборт у Хартыю фундаментальных правоў ЕС.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У дакуменце сцвярджаецца, што павага да чалавечай годнасці на кожным этапе жыцця, асабліва ў сітуацыях поўнай уразлівасці, з'яўляецца фундаментальным прынцыпам дэмакратычнага грамадства. З юрыдычнага пункту гледжання, у еўрапейскім ці міжнародным праве не існуе прызнанага права на аборт. Ні Хартыя фундаментальных правоў ЕС, ні Еўрапейская канвенцыя аб абароне правоў чалавека не падтрымліваюць права на аборт, - гаворыцца ў заяве.

“Еўрапейскі суд па правах чалавека ніколі не абвяшчаў аборт правам чалавека, якое абараняецца Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека. Наадварот, ён абвясціў права на жыццё адным з асноўных правоў чалавека і пацвердзіў у сваёй судовай практыцы, што абарона ненароджанага жыцця з'яўляецца законнай мэтай дзяржаў-удзельніц Канвенцыі”, - сцвярджаецца ў заяве COMECE.

Аборт закранае права на недатыкальнасць прыватнага жыцця, але дзяржава таксама мае законны інтарэс у абароне ненароджаных дзяцей і абавязана забяспечыць, каб законы не ўзмацнялі дыскрымінацыю ў дачыненні да людзей з абмежаванымі магчымасцямі ці не абмяжоўвалі права на свабоду сумлення медыцынскіх работнікаў, - гаворыцца ў дакуменце.

У пераважнай большасці дзяржаў-членаў ЕС дзейнічаюць спецыяльныя законы, якія рэгулююць практыку абортаў. Што тычыцца неаднаразовага закліку ўключыць фундаментальнае права на аборт у Хартыю фундаментальных правоў ЕС, то гэта б запатрабавала вельмі складанай працэдуры: ратыфікацыі ўсімі дзяржавамі-членамі, а таксама канвенцыі з удзелам прадстаўнікоў усіх нацыянальных парламентаў, кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, Еўрапейскага парламента і Еўрапейскай камісіі, - падкрэсліваецца ў заяве.

У ЕС існуе вялікая разнастайнасць нарматыўных актаў і канстытуцыйных традыцый, якія рэгулююць правы цяжарных жанчын і ненароджаных дзяцей. Зыходзячы з павагі да гэтай разнастайнасці, “права на аборт не з'яўляецца агульным прынцыпам заканадаўства ЕС”, - гаворыцца ў дакуменце Камітэта па этыцы Камісіі біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці (COMECE).

Нагадаем, што ў пачатку 2022 года COMECE выказала глыбокую занепакоенасць у сувязі з прапановай уключыць права на аборт у Хартыю фундаментальных правоў ЕС. У ліпені 2022 года еўрапейскі епіскапат заклікаў палітычных лідараў "працаваць дзеля ўмацавання адзінства еўрапейцаў, а не садзейнічаць росту ідэалагічных бар’ераў і палярызацыі".

19 ліпеня 2023, 09:18