Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Пантыфіка хвалюе сітуацыя ў Святой Зямлі

9 ліпеня 2023 года, завяршаючы сустрэчу з вернікамі на малітве Анёл Панскі, Францішак звярнуў увагу на падзеі ў свеце і прывітаў украінцаў, якія прыбылі на плошчу святога Пятра.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Я з горыччу даведаўся аб тым, што ў Святой Зямлі зноў пралілася кроў. Спадзяюся, што ізраільскія і палесцінскія ўлады змогуць аднавіць прамы дыялог, каб пакласці канец спіралі насілля і адкрыць шляхі да згоды і міру”, - звярнуўся Папа.

Ізраільскае войска правяло маштабную аперацыю ў Джэніне і аднайменным лагеры бежанцаў. У першы дзень наносіліся авіяўдары па інфраструктуры, затым пачаліся ўзброеныя сутыкненні сілавікоў з палесцінцамі. Па дадзеных палесцінскага боку, падчас аперацыі адзінаццаць палесцінцаў былі забітыя, больш за 100 атрымалі раненні. Арганізацыя Чырвонага паўмесяца заявіла аб эвакуацыі з лагера бежанцаў соцень сем'яў.

Францішак нагадаў аб Марской нядзелі, прысвечанай тым, хто працуе на караблях, у партах і ў марскім асяроддзі. “Дзякую маракам, якія абараняюць мора ад розных форм забруджвання – у дадатак да сваёй працы – і выдаляюць з мора бруд, які мы выкідваем, пластык. (...) Дзякую капеланам і валанцёрам Апостальства мора і даручаю ўсіх апецы Марыі Зоркі Мора”, - сказаў Папа, дзякуючы таксама тым, хто супрацоўнічае з Mediterranea Saving Humans, ратуючы мігрантаў у моры.

Вітаючы пілігрымаў, сабраных на плошчы святога Пятра, Святы Айцец звярнуў асаблівую ўвагу на прысутнасць дзяўчат-скаўтак і студэнтаў універсітэтаў украінскага Львова. “Я ўдзяляю вам сваё благаслаўленне і перадаю яго вашым блізкім і вашаму народу, на долю якога выпалі такія выпрабаванні. Давайце маліцца за гэты народ, які так шмат пакутуе!” - сказаў Францішак.
 

09 ліпеня 2023, 13:17