Пантыфіка хвалюе сітуацыя ў Святой Зямлі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Я з горыччу даведаўся аб тым, што ў Святой Зямлі зноў пралілася кроў. Спадзяюся, што ізраільскія і палесцінскія ўлады змогуць аднавіць прамы дыялог, каб пакласці канец спіралі насілля і адкрыць шляхі да згоды і міру”, - звярнуўся Папа.
Ізраільскае войска правяло маштабную аперацыю ў Джэніне і аднайменным лагеры бежанцаў. У першы дзень наносіліся авіяўдары па інфраструктуры, затым пачаліся ўзброеныя сутыкненні сілавікоў з палесцінцамі. Па дадзеных палесцінскага боку, падчас аперацыі адзінаццаць палесцінцаў былі забітыя, больш за 100 атрымалі раненні. Арганізацыя Чырвонага паўмесяца заявіла аб эвакуацыі з лагера бежанцаў соцень сем'яў.
Францішак нагадаў аб Марской нядзелі, прысвечанай тым, хто працуе на караблях, у партах і ў марскім асяроддзі. “Дзякую маракам, якія абараняюць мора ад розных форм забруджвання – у дадатак да сваёй працы – і выдаляюць з мора бруд, які мы выкідваем, пластык. (...) Дзякую капеланам і валанцёрам Апостальства мора і даручаю ўсіх апецы Марыі Зоркі Мора”, - сказаў Папа, дзякуючы таксама тым, хто супрацоўнічае з Mediterranea Saving Humans, ратуючы мігрантаў у моры.
Вітаючы пілігрымаў, сабраных на плошчы святога Пятра, Святы Айцец звярнуў асаблівую ўвагу на прысутнасць дзяўчат-скаўтак і студэнтаў універсітэтаў украінскага Львова. “Я ўдзяляю вам сваё благаслаўленне і перадаю яго вашым блізкім і вашаму народу, на долю якога выпалі такія выпрабаванні. Давайце маліцца за гэты народ, які так шмат пакутуе!” - сказаў Францішак.