Выбары ў Зімбабвэ Выбары ў Зімбабвэ  (AFP or licensors)

Біскупы ў Зімбабвэ маліліся за мірныя выбары

Каталіцкія іерархі Зімбабвэ маліліся аб мірных выбарах, якія тут распачаліся 23 жніўня 2023 года і працягваліся два дні. Больш за 40 гадоў гэтай афрыканскай дзяржавай кіруе адна палітычная партыя – ZANU-PF.

Ян Глінскі

“Мы молімся за мірныя выбары. Памятайце, што жыццё працягваецца да, падчас і пасля выбараў”, – заклікаў біскуп Рудольф Няндора ад імя епіскапату ў адказ на асцярогі назіральнікаў і палітолагаў, якія прагназавалі рызыку насілля з боку кіруючай партыі ў выпадку яе пройгрышу.

Трэба адзначыць, што на папярэдніх выбарах, якія сталі першымі пасля адхілення ад улады шматгадовага прэзідэнта Роберта Мугабэ, галоўная апазіцыйная партыя набрала ажно 44 працэнты галасоў.

Перад абліччам непакоячых прагнозаў біскупы праз свайго прадстаўніка, адказнага за пытанні справядлівасці і міру пры епіскапаце, заклікалі паважаць дэмакратычныя працэсы і “святасць чалавечага жыцця”. Удзел у галасаванні, як сцвердзіў прадстаўнік епіскапата, з’яўляецца выразам любові да айчыны, і жыхары павінны разумець гэта як свой абавязак.

“Дарагія зімбабвійцы, пакорна просім вас захоўваць талерантнасць, павагу і мір падчас і пасля выбараў, а таксама пасля абвяшчэння іх вынікаў”, – заклікалі каталіцкія іерархі напярэдадні выбараў.

У сувязі з высокай колькасцю жадаючых прагаласаваць выбары былі працягнуты яшчэ на адзін дзень.

Галасаванне ў Зімбабвэ павінна вызначыць новы парламент і новага прэзідэнта. Калі ж ніводны з кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы не набярэ абсалютнай большасці галасоў, у кастрычніку адбудзецца другі тур выбараў.

Дзякуючы мясцоваму епіскапату ля скрыняў для галасавання знаходзіліся 1,5 тысячы палітычна незалежных назіральнікаў.
 

25 жніўня 2023, 08:53