Падчас экспіяцыйнай Імшы за абразы Папы Францішка з боку кандыдата ў прэзідэнты Аргенціны Хаўера Мілея Падчас экспіяцыйнай Імшы за абразы Папы Францішка з боку кандыдата ў прэзідэнты Аргенціны Хаўера Мілея  (AFP or licensors)

Аргенціна: экспіяцыйная Імша за абразы ў бок Папы

Святары з бедных кварталаў Буэнас-Айрэса цэлебравалі экспіяцыйную Імшу за абразы Папы Францішка з боку кандыдата ў прэзідэнты Аргенціны Хаўера Мілея. Яна прайшла 5 верасня 2023 года ў парафіі Маці Божай Каакупскай.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ініцыятарам стаў ксёндз Хасэ Марыя Дзі Паола, які крытыкаваў кандыдата ад партыі La Libertad Avanza за “недастойныя абразы”, выказаныя ў розных выпадках супраць Папы. “Палітык можа сказаць з павагай: “Я не згодны з тым, што кажа Папа”, але не самыя страшныя абразы, нявартыя чалавека, які прэтэндуе на важную пасаду. Калі толькі мы не лічым, што грамадства павінна будавацца на абразах”, - сказаў святар радыё Télam. Ён дадаў, што словы Мілея абражаюць усіх католікаў.

Месца літургіі было выбрана таму, што цяперашні Пантыфік быў звязаны з ім як біскуп, а дата – таму што ў гэты дзень прыпадае ўспамін святой Маці Тэрэзы з Калькуты, якая “з’яўляецца ключавой фігурай у разуменні таго, што такое любоў да бліжняга”.

53-гадовы Мілей, якога называюць эксцэнтрычным “анарха-капіталістам”, выйграў прэзідэнцкія праймерыз 13 жніўня, набраўшы 30 працэнтаў галасоў. Ён неаднаразова называў Францішка, у прыватнасці, "езуітам, які прапагандуе камунізм".
 

06 верасня 2023, 10:00