Біскупы Бельгіі: сёння міратворцы патрэбны больш, чым раней
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Мы зноў шакаваныя нападам у нашай краіне. Нашы малітвы і думкі з нявіннымі ахвярамі і іх сем’ямі”, - заявілі іерархі. У той жа час яны звярнуліся да людзей з заклікам не рэагаваць далейшым насіллем на гэты напад, відавочна матываваны ісламізмам, праз які падазраваны злачынец шукаў помсты.
Тэрарыст, які 16 кастрычніка 2023 года застрэліў двух чалавек, быў выхадцам з Туніса, які прасіў прытулку ў Бельгіі. Заяўка была адхілена, і яму было загадана пакінуць краіну.
Грамадства без бяспекі немагчыма, заявілі прадстаўнікі Касцёла. “Але гэтак жа немагчыма грамадства без братэрства і салідарнасці”, - падкрэслілі яны. “Таму перш за ўсё давайце не паддавацца тым, хто хоча нас падзяліць і настроіць адно супраць аднаго”. Як бы наіўна гэта ні гучала, грамадству вельмі патрэбны людзі, якія наводзяць масты, гаворыцца ў заяве бельгійскіх біскупаў. У ёй гучыць заклік: “Давайце станем міратворцамі больш, чым калі-небудзь раней”.