Рэктар KUL адкрывае навучальны год у адукацыйным цэнтры следчага ізалятара Рэктар KUL адкрывае навучальны год у адукацыйным цэнтры следчага ізалятара 

Папскі ліст да студэнтаў-вязняў

Мы ўсе робім памылкі ў жыцці, але Бог не стамляецца ад прабачэння, - падкрэсліў Папа Францішак у лісце да студэнтаў Цэнтра навучання зняволеных KUL пры Люблінскай турме папярэдняга зняволення.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ліст з Ватыкана прыйшоў рэктару Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта, ксяндзу-прафесару Міраславу Каліноўскаму. Нагодай стала ўрачыстае адкрыццё навучальнага года ў адукацыйным цэнтры следчага ізалятара. Цырымонія была прымеркавана да дзесяцігадовага юбілею навучання зняволеных Люблінскім каталіцкім універсітэтам імя Яна Паўла II.

“Калі хтосьці адчувае сябе самотным і пакінутым, давайце не забываць, што Маці Божая блізкая да нас, асабліва калі мы перажываем нягоды жыцця”, - напісаў у лісце Францішак, вядомы сваёй увагай да людзей, пазбаўленых волі. Святы Айцец скіраваў у лісце благаслаўленне вязням, просячы іх аб малітве.

KUL ужо больш за 10 гадоў вядзе вочнае навучанне зняволеных на першай і другой ступенях у галіне сямейных навук. 24 кастрычніка 2023 года ў Цэнтры пачалі новы навучальны год больш за 50 студэнтаў.
 

26 кастрычніка 2023, 11:10