Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Аргенціна: папскі ружанец для абранага прэзідэнта

Канцылярыя абранага прэзідэнта Аргенціны пацвердзіла, што Хаўер Мілей атрымаў 24 лістапада 2023 года ружанец ад Папы Францішка. Ружанец, благаслаўлены Папам, быў накіраваны таксама абранай віцэ-прэзідэнтам Вікторыі Вільяруэль.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папскі падарунак быў атрыманы пасля тэлефоннай размовы, якую Святы Айцец меў з абраным прэзідэнтам Аргенціны на мінулым тыдні. Падчас яе Францішак павіншаваў Мілея і пажадаў яму “мужнасці і мудрасці” ў кіраванні краінай. Карыстаючыся нагодай, Мілей запрасіў Папу наведаць Радзіму ў 2024 годзе.

Абодва жэсты азначаюць пачатак новых адносін паміж імі, бо Мілей папрасіў прабачэння за абразы і крытыку, якія ён раней публічна кіраваў супраць Святога Айца. Новы прэзідэнт краіны ўступіць на пасаду 10 снежня 2023 года.

Вільяруэль, якая нарадзілася 13 красавіка 1975 года, дэкларуе сябе практыкуючай каталічкай, і гэта выражаецца не толькі ў яе ўдзеле ў пілігрымцы да святой апякункі Аргенціны, Маці Божай Луханскай, або ў рэлігійным змесце пажаданняў у сацыяльных сетках з нагоды Вялікадня, але таксама ў яе выразнай пазіцыі па абароне чалавечага жыцця, якое “пачынаецца ад зачацця”.

8 ліпеня 2018 года Вільяруэль наведала Імшу за жыццё ў базіліцы Маці Божай Луханскай, калі ў мясцовым Кангрэсе ішлі дэбаты па легалізацыі абортаў. Падчас выбарчай кампаніі яна таксама публічна выказвалася супраць прызнання гомасексуальных саюзаў “шлюбам”.
 

28 лістапада 2023, 11:47