Лагатып платформы Laudato Sì Лагатып платформы Laudato Sì 

Францішак заахвоціў працягваць шлях экалагічнага навяртання

12 лістапада 2023 года, пасля малітвы Анёл Панскі і апостальскага благаслаўлення, Святы Айцец звярнуўся з заклікам аб клопаце пра прыроднае асяроддзе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак нагадаў аб тым, што два гады таму была створана Платформа ініцыятыў Laudato si'. “Дзякую тым, хто далучыўся да яе і заахвочваю працягваць шлях экалагічнага навяртання. Давайце памолімся ў гэтай сувязі за поспех канферэнцыі па клімаце ў Дубаі (COP28), якая адбудзецца ў бліжэйшы час, - заклікаў ён.

Інаўгурацыя Laudato si’ Action Platform адбылася ў Ватыкане 25 мая 2021 года – гэта прастора для падтрымкі ініцыятыў, натхнёных энцыклікай Францішка Laudato si’. Вядзе вэб-рэсурс Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Мэта – заахвоціць людзей з розных сфер – сем’і, парафіі і дыяцэзіі, школы і ўніверсітэты, бальніцы і медыцынскія цэнтры, прадпрыемствы і няўрадавыя арганізацыі, фонды і СМІ, манаскія кангрэгацыі – рэалізаваць ініцыятывы цэласнай экалогіі.

Тут гаворка ідзе пра клопат аб прыродным асяроддзі і бедных, змене цяперашняй эканамічнай парадыгмы на новую экалагічную эканоміку і ладу жыцця ў боку пазбягання празмернага спажывальніцтва, выхаванні экалагічнай свядомасці, пераасэнсаванні духоўнасці ў святле Божага стварэння, прыцягненні ўвагі грамадскасці да клопату аб істотах.

Каардынатары платформы Laudato si' штогод узнагароджваюць лепшыя праекты ў кожнай з вышэйназваных сфер.

Саміт па змяненні клімату (COP28) пройдзе з 30 лістапада па 12 снежня 2023 года ў Дубаі. Яго цэнтральная тэма – абарона глабальных харчовых сістэм.
 

12 лістапада 2023, 13:39