Пошук

Арцыбіскуп Б'енвеню Манаміка Бафуакуаху Арцыбіскуп Б'енвеню Манаміка Бафуакуаху 

Іерарх з Афрыкі пра дыктат масонаў і празелітызм пяцідзясятнікаў

Грамадства краін Цэнтральнай Афрыкі разбэшчана масонствам. Для таго, каб зрабіць кар'еру або заняць дзяржаўную пасаду, неабходна належаць да яго. На гэта звярнуў увагу старшыня епіскапату Рэспублікі Конга.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Спасылаючыся на апошні дакумент Дыкастэрыі веравучэння, які пацвярджае забарону на далучэнне да масонства, арцыбіскуп Б'енвеню Манаміка Бафуакуаху прызнаўся, што ціск з боку масонаў вельмі моцны, і Касцёл пастаянна звяртае ўвагу вернікаў на гэту праблему.

Ён падкрэсліў што мясцовым элітам у Афрыцы цяжка абараніцца ад уплыву масонства. Нават калі хтосьці валодае дастатковымі кампетэнцыямі і здольнасцямі, ён не зможа атрымаць важную пасаду, калі не стане часткай арганізацыі. Прычым, як заўважыў арцыбіскуп Бразавіля, у яго краіне масонства не хавае гэтага, дзейнічае даволі адкрыта і вярбуе шмат моладзі.

“Для нас гэта сур’ёзная душпастырская праблема”, - не хавае арцыбіскуп Манаміка. Аднак Касцёл не можа ўхіляцца ад пропаведзі Евангелля. Ён павінен ахоўваць ісціну і фарміраваць сумленне чалавека.

У інтэрв'ю агенцтву Fides, кангалезскі іерарх таксама паскардзіўся на дзейнасць пяцідзясятніцкіх суполак, якія вядуць своеасаблівую “партызанскую вайну” на духоўнай арэне, жорстка змагаюцца з Каталіцкім Касцёлам. Яны сеюць смуту ў веры каталікоў, прапаноўваючы хуткія і лёгкія рашэнні іх праблем.

Спасылаючыся на экалагічную апостальскую адгартацыю Папы Францішка Laudate Deum, старшыня кангалезскага епіскапату запэўніў, што ў яго краіне ўсе выступаюць за ахову навакольнага асяроддзя. Аднак яны мала ўплываюць на лёс сваёй Радзімы. “Не мы прымаем рашэнні. Мы бедныя людзі ў багатай краіне”, - з жалем заўважыў арцыбіскуп Манаміка.
 

21 лістапада 2023, 11:10