Іерарх з Афрыкі пра дыктат масонаў і празелітызм пяцідзясятнікаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Спасылаючыся на апошні дакумент Дыкастэрыі веравучэння, які пацвярджае забарону на далучэнне да масонства, арцыбіскуп Б'енвеню Манаміка Бафуакуаху прызнаўся, што ціск з боку масонаў вельмі моцны, і Касцёл пастаянна звяртае ўвагу вернікаў на гэту праблему.
Ён падкрэсліў што мясцовым элітам у Афрыцы цяжка абараніцца ад уплыву масонства. Нават калі хтосьці валодае дастатковымі кампетэнцыямі і здольнасцямі, ён не зможа атрымаць важную пасаду, калі не стане часткай арганізацыі. Прычым, як заўважыў арцыбіскуп Бразавіля, у яго краіне масонства не хавае гэтага, дзейнічае даволі адкрыта і вярбуе шмат моладзі.
“Для нас гэта сур’ёзная душпастырская праблема”, - не хавае арцыбіскуп Манаміка. Аднак Касцёл не можа ўхіляцца ад пропаведзі Евангелля. Ён павінен ахоўваць ісціну і фарміраваць сумленне чалавека.
У інтэрв'ю агенцтву Fides, кангалезскі іерарх таксама паскардзіўся на дзейнасць пяцідзясятніцкіх суполак, якія вядуць своеасаблівую “партызанскую вайну” на духоўнай арэне, жорстка змагаюцца з Каталіцкім Касцёлам. Яны сеюць смуту ў веры каталікоў, прапаноўваючы хуткія і лёгкія рашэнні іх праблем.
Спасылаючыся на экалагічную апостальскую адгартацыю Папы Францішка Laudate Deum, старшыня кангалезскага епіскапату запэўніў, што ў яго краіне ўсе выступаюць за ахову навакольнага асяроддзя. Аднак яны мала ўплываюць на лёс сваёй Радзімы. “Не мы прымаем рашэнні. Мы бедныя людзі ў багатай краіне”, - з жалем заўважыў арцыбіскуп Манаміка.